Зваршчык абвясціў сябе блогам

У ціхім тумане

Цімохава дачка Ганна знаходзіцца аж дагэтуль у ціхім тумане ад бацькавай заявы

З нечаканай заявай выступіў сёння зваршчык Цімох Буслік з вёскі Мажджаліна. На імправізаванай прэс-канферэнцыі, што адбылася ў адным з ангараў на мехдвары, ён абвясціў сябе блогам.

Саракагадовы зваршчык патлумачыў, што ўсё яго цела пакрытае разнастайнымі адмецінамі рознага паходжання і часу. Цімох паказаў шнар на лобе, які атрымаў у 1973 г., след ад апёку кіпнем у 1975 г., рубец ад аперацыі на апендыцыце 1980 г., крывы мезенец, які няправільна зросся пасля пералому ў 1985 г.

Самыя смелыя (нашай карэспандэнтцы мы закрылі вочы – рэд.) змаглі ўбачыць нават татуіроўку 1990 г.: «Добро пожаловать на борт!», якую сам Буслік назваў падзамочным допісам.

«Гэта ж усё вехі майго жыцця. Кожная трэшчынка і язвачка – гэта пасты, якія робіць само жыццё. Дык, чым жа я не блог!» – пракаментаваў зваршчык. На наша пытанне пра тое, на якой платформе ён рэалізаваны, блог Цімох адказваць адмовіўся. «Ды “Твітэр” у яго, “Твітэр”» – выручыла і адначасова збянтэжыла нас яго жонка Лакадзія, бо мы дагэтуль не ведалі, што Twitter мае магчымасць падзамочных допісаў.

Застаецца толькі цешыцца, што зваршчык не абвясціў сябе кампутарнай гульнёй «Call of Duty».