Зоры і вулкі цвілых коміксаў экзістэнцыі (2016)


Вершаў для гэтага альбома мне пісаць не давялося. Два з іх былі напісаныя мной з розных нагод раней і не меркаваліся да ўключэння ў хоць якія альбомы. Яшчэ адзін (“А было тое ў Гомелі”) трапіў сюды ў якасці своеасаблівага бонусу, а трэк з ім з’яўляецца альтэрнатыўным аднайменнаму трэку, што быў запісаны год таму.

Астатнія ж пяць вершаў напісалі беларускія паэты ХХ ст. — Уладзімір Дубоўка, Максім Багдановіч, Міхась Кавыль, Тодар Кляшторны, Міхась Стральцоў. Напісалі ў розных гістарычных і асабістых абставінах, у розным узросце і нават у розных дзяржавах. Але ў кожным з гэтых вершаў ёсць тое, што не адпускала паэтаў у канкрэтны момант іх жыцця — боль адчування мімалётнасці ўсяго існага: дзесь непрыхаваны, дзесь злёгку прыкрыты натужным задаваннем.

Гэтым альбомам я ніяк не прэтэндую ўплішчыцца ў шэрагі выдатных папярэднікаў, а толькі ў чарговы раз маніфестую права не толькі на адчуванне, але і на выражэнне памянёнага болю даступнымі паэтам сродкамі.

Альбом, як і ранейшыя, рэалізаваны ў хатніх умовах, блізкі да стылістыкі lo-fi. Інструменталы для трэкаў 1, 2, 5, 8 узяты з пабліка vk.com/freeteam. Інструменталы для трэкаў 3, 4, 6, 7 узяты з сайта jamendo.com. Паводле ўмоў аўтараў інструменталаў гэтая публікацыя здзяйсняецца з ліцэнзіяй Creative Commons: cc_standard

Рэліз носіць некамерцыйны характар.

23.06.2016 г.

ВЕРШЫ АЛЬБОМА

Сяргей Балахонаў

ЗОРНЫ ШЛЯХ
На сонцы чарговыя ўспышкі.
На сэрцах сляды баракуд.
З нязведанай гомельскай кніжкі
складу экскурсійны маршрут.

Закончыцца дождж красавіцкі.
Пачнуцца раскопкі ў метро.
У парк пабягуць маладзічкі
гукаць з поўдня цёплых вятроў.

Я стану на людным прыпынку,
дзе колісь стаялі сябры,
ды з песняю пчол Метэрлінка
знікалі ў суседнім двары.

Міжволі згадаю асобу,
якую “нібыта” й “амаль”,
і 39-ты аўтобус
звязе мяне ў зорную даль.

Звязе ў космас блізкі й далёкі
паўз царства святых аэліт.
І там я засвою ўсе ўрокі,
якія бясплённа прайшлі.

І там не рассыплюцца словы
сюжэтаў няпісаных кніг.
Накручаны крэйсер паштовы
ўнясе ў зорны шлях новы штрых.

2016

line_17_1012321

Уладзімір Дубоўка

***
Не жальбую пра мінулы час я,
адкаснецца ад мяне сумота.
Пашукаю і знайду акрасу,
што да новых прывядзе узлётаў.
Цераз гаці цераз сенажаці,
дзе і багна, дзе і квет нямала, –
яна будзе песняй разлівацца,
абы струн хапала мне трывалых.
3-пад лясоў высокіх і шумлівых,
каля хмар суворых і пахмурных, –
разліецца хваляй пералівы,
абы толькі вытрывалі струны.
Радасць дасць для сэрца асалоду,
дасць у тыя песні-пералівы.
Ці крыніца выбілася з лёду,
ці пяе пра шчасце нешчаслівы?..

1922

line_17_1012321

Максім Багдановіч

***
На глухіх вулках – ноч глухая.
Не менш глухі людскі натоўп.
Дык хто ж пачуе, як спявае,
Як стогне тэлеграфны стоўп?

І места, дзе няма прастора
Дзеля прыроды буйных сіл,
Прабіла сцежку мору гора
Палёў, лясоў, капцоў, магіл.

Палёў, дзе круціць завіруха,
Ўзрываючы халодны снег,
Палёў, дзе ўсё бушуе глуха,
Дзе чутны разам стогн і смех!

І вось той гул мне ў душу ўліўся.
Гудзі, гудзі, дрыжачы дрот!
Ўвесь бледны, млосны прыхіліўся
Я ля ліхтарні да варот.

(1911-1912)

line_17_1012321

Міхась Кавыль

***
Хтось прарочыў, а кон перайначыў,
Не збылося і збудзецца ці
Гэтак вобмігам, спраўца гарачы?

Рубікон мо й не нам перайсці –
На твае, на мае спадзяванні
Ветры вета наклалі у трысці.

За гарамі ружовыя ранні,
А навобмацак – дзіды жыцця.
Сэрца нехаця хто не параніць?

Строгай рытмікай кволасць зацяў,
Пад замок, зашыфрованы, – крозы.
Весялосці расхрыстваю сцяг –
На сцягу – воя цёплыя слёзы.

17.VIII.1956

line_17_1012321

Сяргей Балахонаў

MARVEL І ДУМЫ
Разводзячы масты, нібыта ногі,
ты ліжаш тэлеграфныя слупы.
Ты прагнеш шчасця, прагнеш да знямогі
ў пакоі між вуглоў заўжды тупых.

Прыліпшы да мабільнае прылады,
ты два гады нябожчыцай маўчыш.
Вядома, абанент сам вінаваты,
што аніяк не рэзаў тую ціш.

На бурбалках савецкага шампана,
на вусіках кашэрных нішцякоў
здаешся ты нічым не ўсхваляванай
прынцэскаю эпохі ракако.

Пад попелам заўсёднай цыгарэты
ты пахавала снег і постмадэрн.
Экстракт душы, аблокамі апеты,
імчыць на ўсход ў адной з пустых цыстэрн.

Не лечацца агні і пацалункі.
Не зводзяцца асеннія двары.
Герой тваіх азёр – высокі й стрункі –
ў бядзе не тоне, ў шнапсе не гарыць.

Балконы і мансарды адмаўленняў.
Чыгунка. Макароны. Цішыня.
Не дужа прыхаваныя калені.
Фатограф, што цябе на стужку зняў.

У коміксаў аблудныя працягі.
У кубках малако і біты час.
Я зноў шукаю ключ ад сацьяграхі
ў ангарах пчол з іншапланетных баз.

2016

line_17_1012321

Тодар Кляшторны

***
Завечарылася бярозавая просінь,
У далях вечар дым пераліваў.
А Млечны Шлях
На сіняватых плёсах
Заранкамі дарогу вышываў.

Мне марыцца:
Нібыта той дарогай
З адвечнасці вярнуліся гады…
Я не паэт,
А хлопчык басаногі, –
За рубяжамі свет і гарады.

Нібы з туманаў выплыла паданне
Пра гэта возера,
Як сведку дзіва-дзей;
Я ўспамінаю першае каханне
І першы хмель разбураных надзей.

З тае пары я шмат перамяніўся
(Цвітуць да часу ў жыце васількі),
О вечар, вечар,
Што завечарыўся,
Куды сплылі ружовыя вянкі?!

1927

line_17_1012321

Міхась Стральцоў

***
Вунь і яно, успамінаў лісцё,
На дрэвах, на тумбах, на дугах трамваяў.
Скажыце ж цяпер, а ці многа дасцё
За квецень апалую маяў?

Ды толькі і у вас гэтаксама было,
Паводле адвечнае звычкі:
Бяссонныя ночы, кахання сіло,
Перон і вясновы палон электрычкі.

Абсыпалася каляіна вясны,
Прыбіта трава прыдарожная пылам.
Цяпло тваіх вуснаў прыходзіць у сны,
Мне вусны казыча тугой неастылай.
Трывожлівы сон, трывожны палон,
Трывожныя ў сне успаміны…
Цягнік успамінаў ідзе пад адхон,
Ляціць на ажыны, крушыны.

з кнігі “Цень ад вясла” (1979)

line_17_1012321

Сяргей Балахонаў

А БЫЛО ТОЕ Ў ГОМЕЛІ
А было тое ў Гомелі
ў год вялікіх дажджоў.
Летапісцы запомнілі.
Люд забыўся ж ужо.

І адзін выбіваюся
з людскіх шэрагаў я –
ў пыльных шафах трымаю ўсё
і не знішчыў ніяк

асабістыя сведчанні
тых шматзначных падзей,
чым дагэтуль знявечаны
я маркотай штодзень,

з чым даўно мая мілая
паквіталася ў снах,
развітаўшыся з крыламі,
каб урэшце ачах

жар кахання няслушнага,
што гарэла агнём
пад дажджом, дзе мёд руж снаваў
наш няспешны псалом

пад басяцкія выкрыкі
ашалелых святош.
Метафізіка лірыкі.
Скаламучаны Сож.

І не зводзяцца вопісы
мной укладзеных спраў.
Колькі ў памяці корпаўся,
адпачынку не браў,

брыў праз снег, брыў па верасе,
ды адказ не знайшоў,
куды шчасце падзелася
ў год вялікіх дажджоў.

2015