
Загадкавы Васіль з тоўшчы тысячагоддзяў пакінуў нам сваё прывітанне
Працягвае здзіўляць знаходка самага старажытнага мастацкага твору – рысунка з мамантам на костцы, выяўленай у амерыканскім штаце Фларыда.
Як паведамлялася інфармацыйнымі агенцтвамі раней, аматар археалогіі Джэймс Кенэдзі звярнуўся да навукоўцаў з просьбай даследаваць некаторыя знаходкі з яго калекцыі. Даследуючы з дапамогай аптычнай і электроннай мікраскапіі костку з выявай маманта, яны высветлілі, што і выява, і неапрацаваная паверхня належаць да аднаго перыяду – 13 тысяч гадоў таму.
Аднак далейшыя даследаванні з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій мелі сваім вынікам больш сенсацыйнае адкрыццё. На адным з фрагментаў косткі знойдзены мікраскапічны надпіс: «Тут быў Васіль з Мажджаліны». Навукоўцы высветлілі, што надпіс быў зроблены гадоў на 40-45 раней за рысунак з мамантам. Цяпер ім давядзецца вырашаць пытанні наконт таго, хто такі Васіль і як ён трапіў у дагістарычную Амерыку.
Паказальна, што выяўлены надпіс, ёсць найбольш ранняй фіксацыяй існавання літары «ў» («у нескладовае»). Пакуль не вядома ці Васіль сам яе прыдумаў, ці нехта падказаў. Не зразумела таксама, што ён хацеў сказаць сваім надпісам.
Зрэшты, застаецца толькі цешыцца, што заакіянская навука адкрыла нам імя далёкага прашчура жыхароў сучаснай Мажджаліны і не стала накладаць на сваё адкрыццё грыф «top secret».