
Прадпрымальніца на арэлях, якія трымаюцца на тых самых вяроўках
30-гадовая жыхарка вёскі Мажджаліна Ефрасіння Рымша-Кіпяткоўская наладзіла незвычайны бізнес. Рэч у тым, што яна ўе са свайго мужа Сцяпана вяроўкі, якія потым паспяхова рэалізуе на рынках раёна і вобласці.
“Я і раней віла вяроўкі з мужа, але не надавала гэтаму вялікай увагі, – тлумачыць жанчына нашаму сайту. – Але аднойчы мне стала зразумела, што мною марнуецца значная эканамічная выгода. Тады я вырашыла паставіць віццё вяровак з мужа ў аснову прадпрымальніцкай дзейнасці”.
Спадарыня Ефрасіння сапраўды зарэгістравалася ў якасці прыватнага прадпрымальніка. Яе фірму ведаюць пад назвай “КВНВ”, што азначае “Колькі вяровачцы ні віцца”. Спажыўцы пацвярджаюць выключную якасць прадукцыі, якія “КВНВ” пастаўляе на рынкі.
Муж прадпрымальніцы задаволены сваім становішчам. “Прадаваць звітыя з мяне вяроўкі – гэта цудоўная ідэя. Ва ўсялякім разе, гэта куды лепш, чым здымаць з мужа тры шкуры, як робіць адна жанчына ў суседнім раёне”, – адзначыў спадар Сцяпан.
Наша карэспандэнтка захапілася асобай Рымшы-Кіпяткоўскай. А вось мужчынская частка рэдакцыі дагэтуль перабывае ў ступары. Нават гэты матэрыял давялося набіраць адным пальчыкам.