Жалезабетонная сцяна вырасла з-пад зямлі ў беларускай вёсцы

Паміж намі сцяна

Адна з прымагнічаных да сцяны дзяўчат. Котэ шукайце самі

Ёсць у Беларусі мясціны, дзе з пад зямлі растуць валуны і каменныя крыжы. А вось сёння ў вёсцы Мажджаліна з-пад зямлі вырасла жалезабетонная сцяна. Яна падзяліла вёску на дзве няроўныя часткі – усходнюю і заходнюю. Яе працягласць склала парадку шасці з паловай кіламетраў.

Раптоўнае з’яўленне сцяны выклікала не толькі шок і трымценне сярод вяскоўцаў, але і паралізавала рух транспарту і буйной рагатай жывёлы. Пакуль мясцовыя ўлады, праваслаўная царква і ўфолагі спрабуюць разабрацца з праблема, жалезабетонную канструкцыю аблюбавалі дзяўчаты і котэ. Падобна, што сцяна з аднолькавай сілай прыцягвае да сябе і тых, і тых.

Паказальна, што яна цёплая, пахне хлебам і парным малаком, ахвотна раздае і прымае аўтографы, але на пытанні не адказвае. Калі сёння да 23:59 паводле мажджалінскага часу сітуацыя са сцяной не зменіцца, у вёску прыедуць ваенныя. І хоць некаторыя вяскоўкі на гэта толькі спадзяюцца, будзьма верыць у тое, што пабудова ўсё-ткі сама сабою рассасецца.

Застаецца толькі цешыцца, што ў Мажджаліне не вырас вавілонскі зікурат, як гэта было ў 1914 годзе.