За іншапланетніка выходзіць замуж жыхарка беларускай вёскі

За іншапланетніка выходзіць замуж жыхарка беларускай вёскі

Беларускі мастак Язэп Драздовіч калісь сустракаўся з жыхарамі Сатурна і пакінуў нам некалькі адпаведных карцін

40-гадовая жыхарка вёскі Мажджаліна Ніна Баброва зрабіла сёння каля сяльмагу афіцыйную заяву пра тое, што збіраецца выйсці замуж за прышэльца з іншай планеты.

Заява была зроблена пасля таго, як жанчыну ў дзвярах перастрэў яе даўні ўдыгач (ухажор) 45-гадовы Уладзімір Аджгір. Будучы нападпітку, той прапанаваў ёй жаніцца ці хаця б проста жыць разам. Як высвятляецца, такіх прапаноў пры падобных абставінах ён зрабіў Ніне нямала. І вось на апошнюю прагучала заява: «А смажаных цвікоў ты не хочаш? Я выйду замуж хоць за сатурняніна, але не за цябе апівоша няшчаснага!».

Мы спрабавалі высветліць, ці прылятаў ужо да Ніны Бабровай нехта з Сатурна ў сваты. Жанчына паслала нас лесам. Мы лесам не пайшлі, бо яго баімся. Спыталі пра сатурняніна ў Аджгіра. Але той, на жаль, запусціў у свой унутраны космас некалькі ракетаў пладова-ягаднага, і даць будзь-які адказ не здолеў фізічна.