Юны вясковец трапіўся у пастку гомельскіх махляроў

И теперь я твой супергерой

Ніколі не купляйце плашч Супермэна з рук у невядомых вам людзей або асоб без ліцэнзіі

Сямнаццацігадовы мажджалінец Ігар Пертурбасаў стаў ахвярай невядомых гомельскіх махляроў. Рэч у тым, што юнак на час летніх вакацый запісаўся на курсы паскоранай падрыхтоўкі супергерояў. Іх у абласным цэнтры абяцалася праводзіць загадкавая фірма «Чёрный плащ и сыновья».

Супрацоўнік фірмы, які прадставіўся Афанасіям Інакенцьевічам, удачліва ўзяў у даверлівага мажджалінца 1 кг беларускіх рублёў авансу і назваў дату першых заняткаў. Калі ж Ігар, прыехаўшы на папутках у Гомель, з’явіўся па ўказаным адрасе, то знайшоў адно грамадскую, да таго ж платную, прыбіральню.

Па факце махлярства заведзена крымінальная справа. Юнак спачатку перажываў, але пасля бацькавай папругі супакоіўся. Мы спыталі ў Ігара пра яго далейшыя планы. «Паспрабую знайсці сябе ў іншым. Я даўно марыў навучыцца разбіраць і збіраць трактар з завязанымі вачыма. Гэтым і займуся», – адказаў юны мажджалінец.

Застаецца толькі цешыцца, што хлапец не запісаўся дадаткова на курсы майстэрства па абыходжанню з джэдайскімі мячамі.