Юны вясковец спрабаваў прадаць фальшывыя білеты на мінскі канцэрт Hurts

Хто смяецца апошнім

Сямён Хаўбень (справа) пакуль яшчэ спадзяецца «уцюхаць» білеты

Шаснаццацігадовы жыхар вёскі Чорны Лес Сямён Хаўбень у апошні дзень летніх канікул прыехаў у вёску Мажджаліна з карыслівай мэтай. Знайшоўшы сярод сваіх раўналеткаў і маладзейшых вяскоўцаў зацятых аматараў брытанскага электрапоп-гурта Hurts, ён паспрабаваў учыніць махлярства.

Пад выглядам білетаў на мінскі канцэрт Hurts Хаўбень збіраўся прадаваць білеты па гісторыі Беларусі за курс базавай школы. Пры гэтым ён цынічна сцвярджаў, што №№ 1–21 – гэта нумары самых зручных месцаў у канцэртнай зале. Пытанні ж, якія стаялі пад кожным нумарам хлапец тлумачыў асаблівым патрыятызмам беларускіх арганізатараў канцэрта і іх фантастычнай цягай да гісторыі Бацькаўшчыны.

Разлікі юнага махляра не спраўдзіліся. Ніхто з мажджалінцаў не рызыкнуў купляць сумнеўныя білеты дый яшчэ па неафіцыйным курсе. Больш за тое, васьмікласнік Пятрусь Кубышка, якому Сямён Хаўбень таксама прапаноўваў фальшывыя білеты, запісаў зламысніка на секцыю плавання, акунуўшы проста ў хвалі тутэйшага Курчына азярца.

«Неадбытыя» ахвяры махляра і іх бацькі вырашылі ў міліцыю не звяртацца. «Можа, апомніцца дурань!» – як адзін паўтараюць яны, успамінаючы, што летась ён бясплённа маніўся прадаваць «агонь з фаер-шоў мінскага канцэрта Rammstein».

Застаецца толькі цешыцца, што пільнасці нашым вяскоўцам не пазычаць.

Ад рэдакцыі: жалезабетонная сцяна, пра якую мы пісалі ўчора, рассыпалася сёння ў 00:01 паводле мажджалінскага часу, а к прыходу ў вёску Сямёна Хаўбеня знікла наагул. Магчыма, між гэтымі падзеямі ёсць нейкія сувязі. «Небяспечныя сувязі», – падказвае наша карэспандэнтка.