Выпечку хлеба па старажытнай рэцэптуры не дапусцілі ў беларускай вёсцы

Выпечку хлеба па старажытнай рэцэптуры не дапусцілі ў беларускай вёсцы

Добраахвотны народны дружыннік на палігоне па падрыхтоўцы да штурму пякарні

Супольнымі намаганнямі органаў унутраных спраў, добраахвотнай народнай дружыны, сіламі тэрытарыяльнай абароны і настаўнікам гісторыі мясцовай школы была ўзятая штурмам хлебапякарня прыватнага прадпрымальніка Ігара Полаўцава ў вёсцы Мажджаліна.

Прычынай для такіх рашучых дзеянняў стала нядаўняя заява прадпрымальніка пра пачатак выпечкі хлеба па старажытным рэцэпце, які ён, нібыта, знайшоў у тэксце сярэднявечнага літаратурнага помніка ўсходніх славян “Слове пра паход Ігараў”. Заява выклікала розгалас сярод жыхароў вёскі. Усё чакалі з’яўлення незвычайнага гатунку хлеба. Аднак настаўнік гісторыі Юрась Неспакойны, які ведае “Слова” напамяць, адразу ж стаў біць у званы.

Ён звярнуўся да вясковай грамадскасці з пытаннем: “Які хлеб збіраецца пячы Полаўцаў, калі ніякага рэцэпта ў тэксце твору няма?”. Разам з тым ён нагадаў, што ў творы ёсць вобраз крывавага жніва: “На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяни – посеяни костьми руских сынов”. “Калі гэта і ёсць той самы рэцэпт, то пекара трэба браць за шкірку”, – разважаў ён у гутарцы з участковым. І міліцыя, і грамадскасць сталі на бок настаўніка.

Выпечка хлеба, якая павінна была пачацца дзень пры дні, так і не пачалася. Прадпрымальнік, які пасяліўся ў Мажджаліне месяц таму, лічыць штурм пякарні незаконным. “Яны шукалі і там, і ў іншым будынках, што належаць мне, косці сыноў рускіх, што само па сабе абсурдна, – даў каментар Полаўцаў. – Мяне проста няправільна зразумелі. Я расшыфраваў “Слова пра паход Ігараў” і дакладна ведаю, што гэты твор уяўляе сабою зборнік кулінарных рэцэптаў”. Ключ для дэшыфроўкі ўладальнік пякарні не агучыў, таму яго словы застаюцца неправеранымі.

Справай займаюцца следчыя з раённага цэнтру. Чым усё скончыцца, сказаць цяжка. Кажуць, што ў адной з суседніх вёсак знайшліся пераймальнікі Полаўцава, якія збіраліся гатаваць шашлыкі на аснове дэшыфроўкі прадмоваў Францішка Скарыны да біблейскіх кніг.