Вяскоўцы пускаюць ружовы туман на кісель

Свет загадак і цудаў

Кісель з ружовага тумана атрымліваецца нагэтулькі густым, што яго мажуць на хлеб замест джэму

Сітуацыя з прыроднай анамаліяй, якая выпала на долю вёскі Мажджаліна тыдзень таму, істотна не змянілася. Ружовы туман (ці туманнасць) працягвае засцілаць вёску, ускладняючы працу аб’ектаў народнай гаспадаркі, устаноў сацкультбыту, адукацыі і інш. Зрэшты, анамалія не здолела цалкам паралізаваць вясковае жыццё.

Людзі паціху прызвычайваюцца да новага для іх спадарожніка і нават спрабуюць выкарыстоўваць яго ў сваіх мэтах. Фіксуюцца шматлікія выпадкі, калі вяскоўцы адразаюць ад ружовага тумана (ці туманнасці) розных памераў кавалкі і гатуюць з іх кісель.

Пенсіянер Адольф Марцыпанавіч Аляхно паспрабаваў выкарыстаць ружовую гушчу ў лазні, змяшаўшы яе з гарачай парай. Вынікі гэтага эксперыменту пакуль невядомыя — Адольф Марцыпанавіч да гэтага часу застаецца ў лазні, парыцца дубовым венічкам і спявае на ўсю вёску новую песню спявачкі МакSим.

Юныя жыхары Мажджаліны ахвотна фатаграфуюць гэтую ружовую трасцу і змяшчаюць здымкі з ёй у якасці аватарак у сацыяльных сетках. Дарэчы, акурат моладзь увяла паняцце «ружовая трасца» у дачыненні да мажджалінскай анамаліі. Уражвае той факт, што ёй дагэтуль не зацікавіліся спецыялісты з Гомеля ці Мінска. Ходзяць чуткі, што іх папросту засмучае ружовы колер.

Застаецца толькі цешыцца, што туманная анамалія ў нашай вёсцы амаль цалкам ружовая, а не, прыкладам, у чорна-ружовую клетачку.