Вяскоўца абрабавалі чорцікі, да якіх ён напіўся

Самы дарагі мой чалавек. Вуснае паведамленне

Гэтыя абяцалі завітаць да грамадзяніна N. наступным разам. Праўда, невядома, з якой менавіта мэтай

37-гадовы жыхар вёскі Мажджаліна грамадзянін N. звярнуўся ў мясцовы аддзел унутраных спраў з заявай аб рабаванні. Заяўнік на момант звяртання быў добра нападпітку, але сцвярджаў, што яго абрабавалі двое невядомых. Паводле яго словаў тыя напалі на яго і сілай завалодалі кішэннымі грашыма, рэштай пладова-ягаднага віна і камунікатарам iPhone 5, набытым з лістападаўскага авансу.

Супрацоўнікі міліцыі, хаця і не ўпадабалі нецвярозы стан грамадзяніна N., але ўзяліся за расследаванне. Тэрмінова былі складзены фотаробаты цынічных нападнікаў, усе дарогі з вёскі і ў вёску перакрылі з дапамогай сілаў тэрытарыяльнай абароны. Аднак нікога падазронага, акром казла Фелікса, што пад знакам уезду ў Мажджаліну смактаў з бляшанкі згушчанае малако нявысветленага вытворцы, выявіць не атрымалася. Фотаробаты нагадвалі акурат памянёнага смактальніка згушчанкі. Была вылучана версія, што менавіта Фелікс мае дачыненне да рабаўніцтва, а ў грамадзяніна N. у часе рабунку проста дваілася ўваччу.

Але на вочнай стаўцы пацярпелы не прызнаў у затрыманым кагось са сваіх крыўднікаў, хаця і ўказаў, што рогі ў тых вельмі падобныя. Следства зачапілася за гэтае сведчанне. У выніку быў пастаўлены рызыкоўны следчы эксперымент: пацярпелага прымусілі апаражніць пляшку гарэлкі. N. дапіўся да парасячага віскату, і здалося, што эксперымент скончыўся безвынікова. Але следчы рызыкнуў наліць вяскоўцу яшчэ маліноўскую шклянку пладова-ягаднага мацаванага напою. Урэшце небарака N. дапіўся да чорцікаў, у якіх адразу ж пазнаў нядаўніх рабаўнікоў. Міліцыя зрэагавала імгненна, скруціўшы чорцікаў і накінуўшы тым кайданкі на капыты.

Старанны ператрус выявіў усё нарабаванае дабро, акром недапітай пляшкі і камунікатара. Узбуджана крымінальная справа. Следства працягваецца. Застаецца цешыцца, што ўсё так аператыўненька.