Вясковыя жанчыны аспрэчваюць першынство адкрыцця амерыканскіх вучоных

Святочны, старажытны дух калядны

Кажуць, што адна з мажджалінскіх жанчын некалі спрабавала пайсці на крайнія меры, каб даведацца месцазнаходжанне мясцовай «шчыліны» у часе

Жыхаркі беларускай вёскі Мажджаліна дазналіся, што даследчыкі з амерыканскага Карнэльскага ўніверсітэта па замове Пентагона стварылі «шчыліну» ў часе. Падзеі, што адбываюцца ў гэтай «шчыліне» немагчыма адсачыць. Перспектывы гэтага адкрыцця могуць быць вельмі значнымі. Гаворка ідзе аб ператварэнні ў рэальнасць ідэй фантастаў аб маскіроўцы інфармацыі і немагчымасці яе перахопу па прычыне таго, што яе нельга выявіць нават пры дапамозе высокачастотных радараў.

Між тым мажджалінскія жанчыны ў адзін голас сцвярджаюць, што тутэйшыя мужыкі навучыліся ствараць падобную «шчыліну» сама мала 200 гадоў таму. «Яны гэта дзержуць у стражайшай тайне вось ужо не адно пакаленне, – з дзіўным суплётам горычы і гонару ў голасе сцвярджае Антаніда Яраполкаўна Шаршацкая. – Еслі такой «шчыліны» у нашых мужыкоў нямашака, то куды ж яны так удала хаваюць ад нас грашовую і гарэлкавую заначку?». Паказальна, што мужчыны зрэагавалі на навіну больш спакойна, але ад каментарыяў да заўваг мясцовых жанчын адмовіліся, адказваючы загадкавымі ўсмешкамі.

Застаецца толькі цешыцца, што мажджалінская «шчыліна» не зацягвае ў сябе болей, чым ёсць.