Вясковец знайшоў на сваім гародчыку незвычайную зброю

Зброя ВКЛ

Муляж турбалазера са школьнага музея

15 жніўня жыхар вёскі Мажджаліна Восіп Пілсудскі, працуючы на сваёй прысядзібнай дзялянцы, што недалёка ад Чортава балота, выкапаў з зямлі некалькі адзінак незвычайнай зброі.

Сярод знойдзенага называюцца цяжкі турбалазер 10D, нявысветленай мадэлі плазмаган, а таксама чатыры трансфазавыя тарпеды.

Спачатку Восіп меркаваў дастаць зброевы скарб самастойна, але разважыў і выклікаў міліцыю. Група размінавання ўнутраных войскаў, якая прыбыла на выклік, старанна выцягнула ўвесь камплект і завезла ў раён, выратаваўшы дарогай чорную кошку Камарылью, што загрузла ў каровіных ляпёхах, якія ў народзе называюць мінамі.

Дзядзька Восіп заявіў, што будзе настойваць на дваццаціпяціпрацэнтнай кампенсацыі за перададзены дзяржаве скарб. Настаўнік гісторыі Юрась Неспакойны звернецца да кіраўніцтва Карэчыцкага раённага кіраўніцтва МУС з просьбай перадаць частку знаходак у школьны краязнаўчы музей. Наша карэспандэнтка ўпэўнена, што па зброю прыбудзе Дарт Вэйдар са сваімі салдатамі.

Застаецца толькі цешыцца, што нас гэта мітусня пакінула практычна абыякавымі, бо нічога лепш за персанальны бластар у начных мажджалінскіх лясах быць не можа.