
«На чужы блютуз не надзенеш картуз», як кажуць з нядаўняга часу ў Мажджаліне
23-хгадовы жыхар вёскі Мажджаліна Апалінар Губанядурчанка падхапіў герпес незвычайным чынам. Калі балячкі абляпілі бедаку вусны, яму сорамна было прызнацца. Ён лічыў за лепшае пагаджацца з жартамі аднавяскоўцаў, якія ўвесь час пыталі: «Каго ты ўжо дзе пацалаваў? Гараджанку ці іншапланецянку?».
Але ўрэшце ён вырашыў даць прэс-канферэнцыю, дзе сабраліся карэспандэнтка нашага сайта і баба Віталіна Шмаргоўская, што пераблытала Апалінара са Стасам Міхайлавым (паводле іншых звестак – з Дзянісам Майданавым). У прыватнасці Губанядурчанка расказаў, што падхапіў герпес, карыстаючыся мабільным тэлефонам. Ён абменьваўся з неназванай сяброўкай мабільным кантэнтам, выкарыстоўваючы bluetooth. Пасля 69-ці абменных аперацый у яго на вуснах выскачылі першыя прыкметы герпесу.
Мы спрабуем высветліць, якую сувязь мае bluetooth з герпесам, але нешта нам падказвае, што гэта яўна не GSM. Баба Віталіна спрабуе высветліць, чаму на прэс-канферэнцыі не прагучалі яе любімыя песні. Застаецца толькі цешыцца, што Апалінар не засмучаецца і выкарыстоўвае герпес для вызначэння кірункаў свету. «Ён у мяне, як мох на дрэвах – заўжды на поўнач паказвае», – зазначыў ён, збіраючыся з начоўкай у грыбы.