Вясковец ажаніўся, дзякуючы спам-фільтру

Выяўленне сапраўднай сутнасці чалавека

Прыблізна так усё і было

30-цігадовы мажджалінскі хлапец Арцём Перапялец па мянушцы Безнадзёжны ў гэтую суботу спраўляе вяселле. Напярэдадні важнай урачыстасці ён паведаміў нашаму сайту, як пазнаёміўся з будучай жонкай.
Выявілася, што безнадзейны халасцяк, змог знайсці сваю палавінку пры дапамозе інтэрнэту. Не, ён не карыстаўся сайтамі знаёмстваў ці сацыяльнымі сеткамі. Аднойчы, шукаючы ў сеціве лепшы спосаб рамонту бацькоўскай машыны «Ніва», Арцём трапіў на сайт газеты «Наша Ніва». А канкрэтнай выпала нейкая старонка, прысвечаная каханню і сэксу. Унізе пад матэрыялам ён згледзеў форму для каментавання і традыцыйны пералік лічбаў спам-фільтру. Нягледзячы на тое, што лічбы былі адлюстраваныя пропіссю, Перапялцу хапіла розуму палічыць іх за нумар мабільнага тэлефона.

Не губляючы ні хвіліны вясковец набраў той нумар і пазнаёміўся са сваёй равесніцай Ганнай Пярсееўнай Годзька, якая хадзіла ў дзеўках. Пасля нядоўгага мабільнага рамана прагучала ключавая фраза: «Замуж хочаш?», і ўсё вырашылася ў лічаныя секундачкі. Дарэчы, Ганна паходзіць з аграгарадка Аграгародак, што дваццаці пяці кіламетрах ад Мажджаліны. Дробязі, а не адлегласць, пагатоў у часы глабалізацыі.

Застаецца толькі цешыцца шчасцю маладых і прагрэсіўнаму ўплыву інтэрнэту на вырашэння пытання дэмаграфічнай бяспекі ва ўмовах сярэднестатыстычнай беларускай вёскі.