Вясковы школьнік ухіляўся ад фізкультуры, прыкрываючыся вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Рэферат на тэму «Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943-1944 гг.»

Разам з рэфератам у заплечніку вучня быў гэты плакат

Вучань адзінаццатага класа мажджалінскай школы Арсеній Катоўскі цэлы месяц не наведваў урокі фізічнай культуры, сцвярджаючы, што мае вызваленне ад заняткаў. Настаўнік фізкультуры верыў яму на слова, бо хлопец меў добрую рэпутацыю і выдатныя спартыўныя дасягненні.

Аднак гэтымі днямі пытанне пра наяўнасць афіцыйнага вызвалення ад заняткаў паставіла рубам школьная адміністрацыя. На яе патрабаванне школьнік адразу ж прад’явіў рэферат на тэму «Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943-1944 гг.». І адміністрацыя, і настаўнікі былі вельмі здзіўленыя, але фармальна не змаглі папікнуць яго ў хлусні. Рэч у тым, што цягам месяцу Арсеній казаў толькі праўду – пра наяўнасць у яго вызвалення, а не адпаведнай медычнай даведкі.

Анекдатычнае здарэнне сталася ўрокам для педагогаў не толькі тутэйшай школы, але і цэлага раёна. Яна пастанавілі быць надалей больш уважлівымі да вучнёўскіх словаў, каб не трапіць у новае няёмкае становішча. Застаецца толькі цешыцца, што справа абмежавалася рэфератам. Матывы Катоўскага застаюцца невядомымі.