Вясковы дыджэй: «Пакуль мы не ў стане супернічаць з мінскімі калегамі» (+mp3 club mix)

Паклон табе, мой беларускі краю!

Мажджалінская моладзь з асалодай адцягваецца ў вясковым клубе пад модны мікс

Мінулыя выходныя адзначыліся для мажджалінскай моладзі прэм’ерай танцавальнай кампазіцыі «Адна ноч у Мажджаліне». Кампазіцыя атрымала шалёны поспех у вясковым клубе і ўжо перавандравала на мабільнікі і гукапрайгравальныя прыстасаванні большасці маладых мажджалінцаў. Мы звярнуліся па каментар да аўтара гэтага трэка сямнаццацігадовага Грышкі Савасцеева, што ў нашым сельсавеце вядомы як DJ Mazdzaliniec.

Грышка вельмі сціпла ўсміхнуўся. Ён усё яшчэ саромеецца раптоўнай славы на цэлую Мажджаліну. «Калі сказаць чэсна, я не разлічваў на такі ашаламляльны вынік. Думаў, што ў клубе ніхто не заўважыць майго трэка сярод іншай танцавальнай музыкі. Ну, вы ж самі разумееце. А тут усе сталі прасіць уключыць “ету цему апяць”. І я ўключаў. А яны зноўку прасілі. І я зноўку ўключаў. 150 разоў. Я сам лічыў і сваёй дзяўчыне сказаў, каб лічыла. У яе з матэматыкай трохі лепей, чым у мяне. Але гэтым разам мы палічылі аднолькава. І гэта проста выдатна!» – прызнаўся хлапец, адмовіўшыся назваць імя сваёй абранніцы. Праўда, мы ўсё адно даведаліся пра гэта з ягонага СП у Vkontakte.ru. Ну, ды нічога.

DJ Mazdzaliniec не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Ён зазначыў, што зрабіў свой трэк пад уплывам кампазіцыі «Одна ночь в Минске» Аляксея Святлова з удзелам голасу зоркі айчынных сцэнаў Алесі (ага, той самай!). «Толькі вы павінны разумець, што тэхнічныя магчымасці і жыццёвы рытм, як кажа мая настаўніца біялогіі, не дазваляюць нам сур’ёзна супернічаць з мінскімі калегамі. У іх ёсць усё. А ў мяне толькі старая праграмулька, дохлы мікрафон і жаданне што-небудзь тварыць, якому перашкаджае неабходнасць зарабляць грошы на ўборачнай», – удакладніў наш юны дыджэй.

Застаецца, толькі падзякаваць Грышку за тое, што ён дазволіў прэзентаваць трэк «Адна ноч у Мажджаліне» на нашым сайце. Слухайце і здзіўляецеся.

Спампаваць: DJ Mazdzaliniec – Адна ноч у Мажджаліне