Вясковая жанчына скардзіцца ў нябесную канцылярыю

Вясковая жанчына скардзіцца ў нябесную канцылярыю

Па-старасавецку…

Халодны восеньскі дождж, што хлынуў сёння з нябёсаў, многіх жыхароў вёскі Мажджаліна настроіў супраць сябе. Аднак, калі для бальшыні справа заключалася ў самім факце дажджу, то 63-гадовая Рута Францаўна Мохава раззлавалася на дождж з іншай нагоды.

«У мяне пасярод двара пусты трохлітровы слоік стаяў. Дождж ліў, як з вядра. І што б вы думалі? Слоік аставаўся ўсё ўрэмя напалавіну пусты! Ну, вот як такое магло праізайціць?! Як?! А так, што еты самы дождж вырашыў проста не даліваць. І што ж ета выходзіць? Ён мне не далье, той не далье, яшчэ камусь не далье і так аж да Амерыкі. Не парадак», – патлумачыла жанчына сваю пазіцыю.

І хаця мы заўважылі, што ў Амерыцы зараз акурат далівае і пералівае, Рута Францаўна вырашыла напісаць ліст у нябесную канцылярыю са скаргай на тое, што дождж не спраўляецца са сваімі абавязкамі, пакідаючы трохлітровы слоік напалавіну пустым.

Мы не ведаем, якой поштай яе скарга будзе адпраўлена. Але на свае вочы бачылі той слоік. Нам чамусьці здаецца, што ён напалавіну поўны. Што рабіць і хто вінаваты – не ведаем.