
Фотаробат пасланца нябёсаў
Свіння Рахлёндзія, якая належыць жыхарцы вёскі Мажджаліна Ілоне Перамычкінай, сёння ўдзень уцякла ад сваёй гаспадыні на другі канец вёскі, дзе захрасла ў паміж штыкецінамі былога калгаснага сада. Не здолеўшы выбрацца, жывёла пачала гучна пішчаць. Нездарма ж кажуць – пішчыць, як свіння ў плоце.
Але на гучны піск дзёдзі ніхто з вяскоўцаў не адазваўся. Усе памылкова падумалі: “Сёння ж пятніца. Хай моладзь трохі падурэе”. Калі свіння амаль страціла голас і рэштку надзеяў на добрую развязку інцыдэнту, на зямлю спусціўся ўзброены аўтаматам анёл, поўны рашучасці зладзіць маленькі апакаліпсіс на асобна ўзятай вясковай вуліцы. Аднак, убачыўшы Рахлёндзію, анёл прыкладам аўтамата выламаў пару штыкецінаў і, такім чынам, вызваліў пісклявую палонніцу. Апошняя жвава пабегла ў кірунку роднага хлява.
Тры маладыя мажджалінцы, якія выпадкова ўбачылі анёла, паспрабавалі запрасіць таго прайсціся за клуб. З цялеснымі пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці яны знаходзяцца зараз у раённай бальніцы. Цяперашняе месцазнаходжанне анёла застаецца невядомым. Застаецца толькі цешыцца, што ў адрозненні ад Карлсана ён, прынамсі, не абяцаў вярнуцца.