
Петра-Гражына лічыць сваю ідэю геніяльным адкрыццём супастаўным з неалітычнай рэвалюцыяй ці вынаходжаннем крэмніевага мікрачыпа
Дваццацідвухгадовая жыхарка вёскі Мажджаліна Петра-Гражына Альбертаўна Гладыёлусава збіраецца ўчыніць сапраўдны пераварот у мастацтве спакушэння мужчын. Пра гэта яна заявіла на імправізаванай прэс-канферэнцыі, якая адбылася сёння ў вясковай цырульні «Цырульня».
«Усе прызвычаіліся, што жанчыны, спакушаючы мужчын, строяць ім вочкі. Я ж прапаную пачаць строіць вушкі. Мяркую, што ад каханкаў тады адбою не будзе», – упэўнена сцвярджае Петра-Гражына.
У якасці доказу сваёй рэвалюцыйнай тэорыі яна прадэманстравала, як правільна строіць вушкі. Наша карэспандэнтка сказала, што гэта відовішча ёй нагадала танны цырк з барадатай жанчынай, якая варушыць вушамі. З папраўкай на тое, што ў Гладыёлусавай барады няма. Але мясцовыя мужчыны маюць іншую думку на гэты конт, але баяцца казаць, бо «жонкі дазнацца могуць».
Застаецца толькі цешыцца, што рэвалюцыйная сітуацыя ў нашай вёсцы абышлася без класічнага супастаўлення вярхоў і нізоў. Хаця, хто яго там ведае. Ночкі ж цёмныя пайшлі. Можна строіць не толькі вочкі ці вушкі, але і нештачка іншае.