Вясковая дзяўчына спрабавала скрасці танк

Мы вернемся сюды на танках

Пільны суворавец Іван Кашкадзёраў паспеў адкаласці ў бок эскімо і сфатаграфаваў мажджалінку на месцы злачынства

Васемнаццацігадовая жыхарка вёскі Мажджаліна Крысціна Буяка была затрыманая ў Карэчыцы ў часе спробы скрасці танк з тэрыторыі тамтэйшага музея ваеннай тэхнікі.

Асядлаўшы танкавую гармату, дзяўчына гучна крыкнула: «Но! Паехалі!». Крык прыцягнуў увагу супрацоўнікаў музея. Сваімі сіламі да прыбыцця нараду міліцыі яны затрымалі зламысніцу. Тая ні ў чым ні прызнаецца, а толькі цвердзіць: «Не вінаватая я».

Між тым у праваахоўных органаў ёсць паказанні сведак, чые імёны не называюцца ў інтарэсах следства і з прычыны архаічнага табу. Вядома, што гэта нехта з аднавяскоўцаў Крысціны. Паводле іх словаў яна паехала ў раённы цэнтр, каб паступаць у політэхнічны каледж на спецыяльнасць «Машыны і абсталяванне дрэваапрацоўчай прамысловасці з дадатковай кваліфікацыяй “Стругальшчык чароўных палачак”». Калі ж яны сказалі Буяцы, што яна не паступіць і вернецца ў вёску з пустымі рукамі, тая, нібыта, паабяцала: «Мы вернемся сюды на танках!».

Следства прапрацоўвае розныя версіі. Не выключаецца, што вяскоўка магла ўчыніць спробу крадзяжу танка пад уплывам моцнага псіхалагічнага стрэсу, выкліканага адсутнасцю ў раённым цэнтры політэхнічнага каледжа, магнітнымі бурамі і бурамі ў шклянцы вады. Застаецца толькі цешыцца, што сёлета Крысціна нарэшце перастала замахвацца на Хогвартс. «Вырасла дзевачка», – са спасылкай на крыніцу вартую даверу перадае інфармацыйнае агенцтва АБС, ажно мы заспрачаліся: «Класічнае» ці «Моцнае»?