
Наста ў часе адной са спробных медытацый. Даволі рамантычна
23-гадовая жыхарка вёскі Мажджаліна Наста Брыкайла заявіла, што выйдзе замуж слыннага паэта ХІХ ст. Адама Міцкевіча. Гаворка вядзецца пра неафіцыйны шлюб дзяўчыны і духа аўтара “Пана Тадэвуша” і “Дзядоў”.
“Я дастаткова вывучыла медытацыйных практык, каб упасці ў транс і выклікаць дух вялікага песняра Літвы, – каментуе Наста свой намер нашаму сайту. – Калі хочаце, гэта будзе працяг традыцый рамантызму, якія былі кутнім каменем у творчасці Адама”.
Дзяўчыну не бянтэжыць ні разбежка ва ўзросце, ні прыналежнасць да розных культурна-гістарычных асяроддзяў, ні іншыя верагодныя цяжкасці. Аднавсякоўцы ставяцца да гэтага жадання па-рознаму. Адны – абыякава, іншыя – варожа. Сярод апошніх і 24-гадовы трактарыст Фёдар Палоскін. “Яна магла бы абысціся і без гэтых медытацый жаніха сабе знайсці. Вось я, напрыклад, і па-польску трошкі шпрэхаю, і вершы ў дзяцінстве пісаў, і ў Літву на экскурсію ездзіў. Ну, чым ёй не жаніх!” – заяўляе Фёдар.
Рэдакцыя нашага сайта (пад ціскам нашай карэспандэнткі) лічыць заяву Насты Брыкайла чыстым эпатажам. Магчыма, у яе і адбудзецца парачка-другая рамантычных сустрэч з Адамам Міцкевічам. Але не больш за тое.