Да пытання аб урочышчы Вітаў калодзеж у колішнім Гомельскім старостве


Навучальна-даследчая праца: Дар’і Парфененка і Марыі Фашчанка

Кіраўнік: С. А. Балахонаў

г. Гомель

Уводзіны

У Гомелі і Гомельскім раёне захаваліся даўнія тапонімы, у якіх знайшлі адлюстраванне пэўныя гістарычныя рэаліі ці народныя ўяўленні. Сярод такіх тапонімаў – Мельнікаў луг, Шведская горка, Кагальны роў, Манастырок, Скіток, Ваявода, Грапаў сад, Фашчаўка і інш. Аднак у большасці сваёй гэтыя назвы з’явіліся ў ХІХ-ХХ стст. і вельмі рэдка робяць адсылку да гісторыі ранейшай за ХІХ ст. Верагодна, што да таго сітуацыя была іншай, а ў тапаніміцы Гомеля і яго наваколляў магла знаходзіць адлюстраванне больш старадаўняя гісторыя. Пра гэта сведчаць некаторыя тапонімы, якія сустракаюцца ў гістарычных крыніцах XVIII ст.

У гэтым сэнсе адным з самых цікавых з’яўляецца тапонім «Вітаў калодзеж» («Витов колодезь»), зафіксаваны ў «Адказной кнізе на Гомельскі маёнтак» 1776 г. Ён цікавы сугуччам аднаго са сваіх элементаў з імем вялікага князя літоўскага Вітаўта і падабенствам з гістарычна вядомымі тапонімамі ў іншых раёнах Беларусі. Між тым, у цяперашні час дадзены тапонім забыты: невядома дакладнае месца, дзе некалі знаходзіўся Вітаў калодзеж, а вытокі паходжання яго назвы не высветлены.

Гэтая тэма раней не распрацоўвалася. Нягледзячы на ​​вядомасць «Адказной кнігі» архівістам і даступнасць яе адпаведнага фрагмента ў публікацыі 1998 г., даследчыкі не надалі ўвагі згаданаму ў ёй Вітаву калодзежу. Аўтар «Топонимического словаря Гомеля и Гомельского района» (2012 г.) філолаг і краязнаўца Аляксандр Рогалеў, які сабраў і зніклыя, і існуючыя цяпер геаграфічныя назвы нашага краю, артыкула пра Вітаў калодзеж у сваёй працы не прывёў. Закранаючы гісторыю Гомеля ў перыяд праўлення Вітаўта, гісторык і археолаг Алег Макушнікаў у сваёй кнізе «Гомель с древнейших времён до конца XVIII века» (4-е выд., 2018 г.) тэму Вітава калодзежа не закрануў. Гісторык і картограф Віктар Цемушаў, разглядаючы пытанні фармавання тэрыторыі Гомельскага староства, у кнізе «Гомельская земля в конце XV – первой половине XVI в.» (2009 г.) прывёў масу тапонімаў, вядомых па крыніцах XV-XVIII стст., але Вітава калодзежа сярод іх не назваў.

Калі казаць пра актуальнасць нашай працы, то хацелася б узгадаць заўвагу Алега Макушнікава, зробленую ім у адным з інтэрв’ю. Калі журналіст пацікавіўся аб белых плямах у гісторыі Гомеля, даследчык растлумачыў, што гомельская гісторыя – вялікая белая пляма з нязначнымі чорнымі ўкрапінамі вывучаных перыядаў і тэмаў, настолькі мала вучоныя пра яе сёння ведаюць.

Алег Макушнікаў у студыі перадачы «Добры вечар, Гомель», 2016 г.

Сваёй працай нам хацелася б, няхай і зусім няшмат, але ўсё ж папоўніць адзін з прабелаў у мясцовай гісторыі – гісторыі малой радзімы – і данесці вынік свайго даследавання, як да сваіх аднакласнікаў і астатніх навучэнцаў нашай школы (у рамках класных гадзін і мерапрыемстваў адзінага дня інфармавання, на тэматычных стэндах), так і да шырэйшага кола асоб (шляхам удзелу ў конкурсах навучальна-даследчых прац, стварэнні артыкула аб Вітавым калодзезе ў Вікіпедыі і да т.п.).

Мэтай нашай працы стала вызначэнне верагоднага месцазнаходжання Вітава калодзежа (другая палова XVIII ст.) і вытокаў паходжання дадзенага тапоніму. Зыходзячы з мэты, былі пастаўлены наступныя задачы: 1) суаднесці звесткі пісьмовай крыніцы аб Вітавым калодзезе з картаграфічнымі дадзенымі і вызначыць мясцовасць, у якой ён у свой час знаходзіўся; 2) сфармуляваць аргументаваную версію паходжання назвы «Вітаў калодзеж».

Раздзел 1. У пошуках Вітава калодзежа

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Гомель і Гомельскае староства (існавала з 1535 г.) былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі. Апошні гомельскі староста князь Міхаіл Фрыдэрык Чартарыйскі адмовіўся прысягаць на вернасць расійскай імператрыцы Кацярыне II, што паслужыла падставай для канфіскацыі і перадачы на карысць дзяржавы (“у казну”) Гомеля і маёнтка. У 1775 г. Гомель і гомельскі маёнтак быў нададзены фаварыту Кацярыны II фельдмаршалу Пятру Румянцаву-Задунайскаму [9, с. 137; 12, с. 96].

Перадача ўладанняў суправаджалася складаннем у 1776 г. «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак», якая ўяўляла сабой вопіс маёмасці, падворны перапіс насельніцтва з указаннем межаў перадаваных Румянцаву земляў. Пытанне «адгранічэння» земляў было адным з самых галоўных. Для вызначэння межаў складальнікам «Адказной кнігі» на чале з магілёўскім губернскім сакратаром Львом Навінай-Гулевічам часта даводзілася выкарыстоўваць сведчанні старажылаў, спадзеючыся, што тыя ўсё «показали по самой сущей справедливости» [5, с. 128]. Менавіта ў адным з такіх «адгранічэнняў» і згадваецца Вітаў калодзеж.

Гаворка пра «адгранічэнне» Ваўковіч, Новай Мільчы, дзвюх Мільч Млынарскіх, Зялёных Лук, «завода жалезнага» Прыбарскага, Савіна Вострава, Старой Узы, хутара Асаўца, Беліцы, Іванаўкі, Рандоўкі, Новай Буды, Макееўкі, Краснай, Заліп’я і Старой Мільчы. Межы гэтых земляў апісаны ў «Адказной кнізе» пералікам з 45 пунктаў, у якім згадваецца 40 тапонімаў: некаторыя назвы сустракаюцца некалькі разоў, ёсць таксама і безназоўныя аб’екты. Асноўнымі паказальнікамі меж паслужылі рэкі, лясы і балоты [5, с. 128-129].

Для высвятлення месцазнаходжання Вітава калодзежа найболей важнымі падаюцца звесткі толькі некаторай часткі гэтага пераліку: «… вниз в речечку Борщовку, а сею в гору поуз леса Супорный, Седёный, Мхаватый и Рудецкий в гору Щербову. Оттоль в Ланьков лес. С того леса в Зеленый Великий Мох. С сего Моху от грунтов шляхтича Речицкого в Гаиницкий Мох. Оттол поуз Довгий Мох Плетыще от грунтов капитулских, что нине суть владения полковника Сымонова, на бор в колодезь Витов. От колодезя бором Рубежами в речку Деменку. З речки Деменки в речку Узу. Узою вниз, разделяючы оную пополам, в речку Ржавец и Ржавцем вгору в болото Ростково. С того болота в Чирков лесок. Оттоль логом поуз старый шлях Телешовский на луку. С той луки в речку Узу» [5, с. 128].

Наколькі вядома, карт мясцовасці да «Адказной кнігі» 1776 г. не прыкладалася. Бліжэйшымі па часе да яе з’яўляюцца карты генеральнага межавання Беліцкага павета, складзеныя ў 1784 г. На іх адзначаны населеныя пункты, рэкі і азёры, указаны некаторыя ўрочышчы [3, с. 128]. Аднак назвы балот і лясоў на гэтых картах адсутнічаюць, што ўскладняе пошукі месцазнаходжання Вітава калодзежа, які таксама на картах не ўказаны.

Асобныя тэрыторыі на картах генеральнага межавання адзначаны лічбамі, тлумачэнні да якіх можна знайсці ў «Планах дач генеральнага і спецыяльнага межавання», якія пачалі складацца ў 1783 г. Сярод такіх тэрыторый знаходзім і прылеглыя да мясцовасці, якая нас цікавіць: 51 – землі генерал-маёра Альбрыхта Радзівіла; 52 – калежскага саветніка Феактыста Ваўкавіцкага; 53, 54 – маёра Сямёна Мікашэўскага; 55 – паручніка Аляксандра Магулы (?) і яго жонкі Пелагеі; 56 – калежскай саветніцы Анны Сурміной; 5 – маёра Івана Вязміціна; 4, 6 – графа Пятра Румянцава-Задунайскага [13]. Уладанняў палкоўніка Сымонава, згадванага ў «Адказной кнізе», тут няма, г.зн. яшчэ адзін важны арыенцір не можа быць суаднесены з картамі генеральнага межевания. Разам з тым, можна дакладна ўбачыць межы ўладанняў Румянцава па стане на 1783-1784 гг.

Звесткі «Планаў дач генеральнага і спецыяльнага межавання» Беліцкага павета Магілёўскай губерні. Другім у спісе і пяцьдзясят трэцім па картах ідзе Іванкаў – валоданне маёра С. Мікашэўскага.

Супастаўнымі з картамі генеральнага межавання ў выніку аказваюцца ўрочышча Шчэрбава Гара, а таксама рэкі Баршчоўка, Дзяменка, Уза і Ржавец. На картах 1784 г. усе гэтыя геаграфічныя аб’екты, акрамя Дзяменкі («Деменка»), лёгка выяўляюцца. Выявіць жа на іх Дзяменку не так проста. Прычынамі таму невысокая якасць копій карт, разнабой у напісанні некаторых літар у параўнанні з подпісамі да іншых аб’ектаў на картах і некаторае адрозненне ў падачы назвы – «Дземіянка» («Демианка»). Да таго ж яна пазначана не як рака, а як лагчына [3]. Магчыма, што ў перыяд паміж складаннем «Адказной кнігі» і правядзеннем генеральнага межевания яна перасохла, захаваўшы толькі частку рэчышча.

Фрагмент карт генеральнага межавання, 1784 г. 1 – рака Баршчоўка, 2 – Шчэрбава Гара, 3 – лагчына Дземіянка, 4 – рака Уза, 5 – ручай Ржавец. Квадрат – меркаванае месцазнаходжанне Вітава калодзежа.

Калі межы ўладанняў А. Румянцава, адзначаных на картах агульнага абследавання, супадаюць з межамі, апісанымі ў «Адказной кнізе», то Вітаў калодзеж можа знаходзіцца на адным з адрэзкаў «мяжы» з уладаннямі С. Мікашэўскага, паўднёвая частка якой была ўкліненая ў трохкутнік Румянцаўскага. Гэта прыблізна за 2-4 вярсты (2,1-4,3 км) на паўночны захад ад Шчэрбавай Гары да вёскі Іванкава [3].

Праўда, у гэтым разе незразумела, як мяжа з Вітава калодзежа магла ісці далей: каб выйскі на Дзяменку (Дземіянку), ёй трэба было прайсці праз землі Мікашэўскага, насуперак граніцам, вызначаных генеральным межаванням зямлі. На картах 1784 г. мяжа агінае уладанні Мікашэўскага на захадзе і, не даходзячы дзвюх вёрст да лагчыны Дземіянка, збочвае на ўсход, ідзе паўвярсты да ракі Узы, каб далей пайсці ўніз па яе цячэнні і праз чатыры вярсты збочыць у ручай Ржавец. Адрэзкі Узы і Ржаўца размяжоўвалі ўладанні Румянцава з уладаннямі І. Вязміціна, што супадае з апісаннем межаў 1776 г. Дапускаючы, што межы супадалі і на іншых адрэзках, застаецца выказаць меркаванне, што згаданы адрэзак у паўвярсты да ракі Узы супадаў з рэчышчам зніклай ракі Дзяменка (Дземіянка), а пазначаная на картах 1784 г. лагчына Дземіянка некалі была яе вытокам.

Мясцовасць на сучаснай карце, 2018 г. Значком геалакацыі пазначана сучасная вёская Іванькаў.

Вызначыўшы, што Вітаў калодзеж мог знаходзіцца на паласе на паўночны захад ад цяперашняй вёскі Шчэрбаўка (Прыбарскі сельсавет) [11; 15, с. 274-275] да вёскі Іванькаў (Цярэніцкі сельсавет) у раёне ўрочышча Княжацкі Рог [11; 15, с. 100], немагчыма параўнаць яго з нейкім сучасным аб’ектам. Само паняцце «колодезь» указвае на тое, што гаворка ідзе аб крыніцы вады. «Колодезь» – гэта састарэлая форма назвы гідратэхнічнай спаруды для здабычы грунтавых вод, якая называецца ў сучасных беларускай і рускай мовах «калодзеж» і «колодец» адпаведна [15, с. 117]. У Беларусі слова «калодзеж» (разам са словамі «крыніца» і «ключ») трывала звязана яшчэ і з найменнем культавых водных аб’ектаў [7, с. 26-29]. Калі б Вітаў калодзеж, хоць і пад іншай назвай, захаваўся да нашага часцу, то пра яго дакладна мелася б інфармацыя ў сучасных публікацыях, прысвечаных шанаваным крыніцам Беларусі [1; 16]. Зрэшты, застаецца невялікая надзея, што гэтая крыніца ўсё яшчэ не знікла, а не трапляе ў поле зроку даследчыкаў, бо не лічыцца святой.

Прыклад шанаванай крыніцы: Святая крыніца або Крыніца казанскай іконы Божай Маці ў Гомелі, 2020 г.

Такім чынам, на аснове супастаўлення звестак пісьмовых крыніц і картаграфічных матэрыялаў, у якой некалі знаходзіўся Вітаў калодзеж, можа быць вызначана як сярэдняя частка паласы на паўночны захад ад в. Шчэрбаўка ў напрамку в. Іванькаў.

Раздзел 2. Праблема паходжання тапоніма «Вітаў калодзеж»

Адназначнага адказу на пытанне аб паходжанні назвы «Вітаў калодзеж» даць нельга. Можна толькі меркаваць, што менавіта паслужыла вытокам, зыходным пунктам для ўзнікнення гэтага тапоніма. Адным з дапушчэнняў з’яўляецца версія аб сувязі тапоніма з імем вялікага князя літоўскага Вітаўта.

Будучы з 1392 па 1430 г. гаспадаром Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, Вітаўт здабыў сабе славу, якая надоўга перажыла яго эпоху. У гісторыю ён увайшоў як адзін з самых магутных уладароў дзяржавы, ядром якой былі землі сучаснай Беларусі. ВКЛ у гады княжання Вітаўта дасягнула свайго найвышэйшага росквіту, набыла сур’ёзны знешнепалітычны ўплыў і міжнародны аўтарытэт. Нашчадкі настолькі станоўча ацэньвалі вынікі ягонай дзейнасці, што ўжо на працягу першага стагоддзя пасля смерці Вітаўта з’явіліся творы, дзе ўсхваляліся заслугі вялікага князя [6, с. 196; 17].

Фантазійны вобраз вялікага князя літоўскага Вітаўта на гравюры з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» (1578 г.) А. Гваньіні.

Яго вобраз адбіўся і ў народнай памяці. Пра яго захаваліся легенды і паданні, а па колькасці прысвечаных яму геаграфічных назваў Вітаўт лічыцца першым сярод асоб айчыннай гісторыі [6, с. 197]. У беларускім фальклоры ён паўстае пад шэрагам імёнаў: «Вітаўт», «Віт», «Віток», «Вітыўт», «Вітоўт», «Вытыў», «Вітольд», «Вітулт», «Вітэлт» [17]. Розныя формы яго імя сталі асновай для паходжання назваў узгоркаў, шляхоў, палёў, мастоў, перапраў, калодзежаў, камянёў, дрэў і г.д. Сярод іх тапонімы Вітаўтавая Гара, Вітаўтава Дарога, поле Вітаўка, Вітаўтаў Мост, Віталдаў Брод, Вітаў калодзеж, Вітавы сталы (камяні), Вітултаў дуб [4; 17]. Амаль усе вядомыя паданні звязваюць паходжанне падобных назваў з вайсковай дзейнасцю вялікага князя.

У ХІХ ст. у Мінскай губерні пры старых дарогах сустракаліся паглыбленні, званыя Вітавымі калодзежамі. Гэтыя паглыбленні мелі круглую або чатырохкутную форму, усярэдзіне былі абкладзены каменем, а на дне часам прабівалася вада [4].

З кнігі Генрыка Татура «Очерк археологических памятников на пространстве Минской губернии и её археологическое значение», 1892 г.

Пра Вітаў калодзеж («Витов колодезь») у Барысаўскім павеце ў XIX ст. існавала паданне, паводле якога гэты калодзеж быў выкапаны спецыяльна для нейкага караля па імені Віт, які нібыта спыняўся ў гэтым месцы для абеду [19, с. 162]. Паданні ці легенды аб Вітавым калодзежы ў наваколлях Гомеля не захаваліся.

З кнігі Паўла Шпілеўскага «Путешествие по Полесью и белорусскому краю», 1858 г.

Уваходжанне Гомеля ў склад ВКЛ атрымала станоўчую ацэнку ў працах як дарэвалюцыйных (Л. Вінаградаў) [2, с. 7-8], так і сучасных даследчыкаў гісторыі нашага краю (А. Макушнікаў) [9, с. 70-71]. Гэта было вызваленнем ад улады Залатой Арды і, напэўна, успрымалася жыхарамі паўднёвага ўсходу Беларусі як значная падзея. Але адбылося яно задоўга да пачатку кіравання Вітаўта – яшчэ пры вялікім князі Альгердзе на мяжы 50-60-х гг. XIV ст. Тапонімы ў гонар Альгерда на тэрыторыі Гомельшчыны невядомыя. Чым жа тут мог адзначыцца Вітаўт, што памяць пра яго, у адрозненне ад памяці пра Альгерда, паўплывала на назву аднаго з геаграфічных аб’ектаў?

У матэрыялах літоўскай метрыкі захаваўся дакумент 1560 г., дзе згадваецца некалькі «пустаўшчын» (пустак), якія «вжо от давних часов впусте лежали, еще от того часу запустели, яко цар Тимир з войском в Гомъи был» [8, с. 396]. Суаднясенне імя Цімір з імёнамі ўладароў татарскіх дзяржаў XIV-XVI стст. дае магчымасць меркаваць, што маецца на ўвазе хан Залатой Арды Цімур Кутлуг (уладарыў  з 1395 па 1399 г.), войскі якога 12 жніўня 1399 г. сышліся з войскамі пад камандаваннем Вітаўта на рацэ Ворскле (паўднёвы ўсход Украіны) [10, с. 45].

Бітва на Ворскле. Мініяцюра з «Лицевого свода» XVI ст.

Як таленавіты палітык Вітаўт у той час спрабаваў у дзяржаўных інтарэсах скарыстацца барацьбой за ўладу ў Залатой Ардзе, даўшы прытулак зрынутаму ў 1398 г. хану Тахтамышу. Перамога над войскамі Цімура Кутлуга павінна была адкрыць новыя магчымасці для палітычнага ўплыву ВКЛ на Залатую Арду, на чале якой у выпадку перамогі Вітаўт разлічваў паставіць Тахтамыша, а той, у сваю чаргу, павінен быў замацаваць уладу Вітаўта над залежнымі ад Арды землямі Паўночна-Усходняй Русі. [10, с. 45]. Усе гэтыя  «хітрыкі і мудрыкі» ад імя літоўскага гаспадара ёмка перадаў «Нікіфараўскі летапіс»: «Поидем, пленим землю Татарьскую, победим царя Темирь-Кутлуя и возмем царство его, и посадим царя Тактамыша, a он мя посадить на всеи Рускои земли и на том на всем» [14, с. 31].

Аднак здзейсніцца грандыёзным планам вялікага князя літоўскага не судзіла доля – бітва на Ворскле скончылася для войскаў ВКЛ поўнай паразай. Вітаўт быў змушаны ўцякаць з невялікай дружынай, а пераможца накіраваўся на поўнач. «И царь Темер Тиклуи (так у летапісу – аўт.) тогды прииде к Киеву, и взя из города окуп 3000 рублев литовьских, и силу свою всю роспусти по Литовьскои земли, …и много зла сотвориша Литовьскои земли, и отиде y свою землю», – апісвае падзеі «Слуцкі летапіс» [14, с. 73].

Верагодна, што менавіта з Кіева «царь Темер» рушыў на беларускія землі і апынуўся «з войском в Гомъи» (г.зн. фактычна на тэрыторыі будучага Гомельскага староства), выправіўшыся ўздоўж Дняпра па дарозе, якой скіраваўся Вітаўт. Вялікі князь літоўскі наўрад ці заставаўся тут у чаканні заклятага суперніка і працягваў свой шлях. Праціўнік жа, хутчэй за ўсё, не столькі імкнуўся нагнаць гаспадара ВКЛ, які ратаваўся ўцёкамі, колькі хацеў разрабаваць і спустошыць чарговую воласць «Литовьскои земли».

Пра перыпетыі таго, што адбывалася тады ў Гомелі і яго наваколлях, можна толькі здагадвацца. Аднак той факт, што некалькі зямельных уладанняў пасля прыходу войскаў Цімура Кутлуга тут пуставалі больш за паўтараста гадоў, сведчыць аб многім. Нельга выключаць, што з-за прычыненага ардынцамі ў 1399 г. спусташэння надоўга спынілася асваенне земляў на захад ад Гомеля, хаця навукоўцы (напрыклад, В. Цемушаў) тлумачаць гэтую праблему толькі прыродна-геаграфічнымі фактарамі [18, с. 65-66].

У сярэдзіне XVI ст. адгалоскі гэтых падзей («цар Тимир з войском в Гомъи был») захоўваліся ў памяці часткі гомельскай шляхты [8, с. 396]. Што да народнай памяці ў шырокім сэнсе, то да другой паловы XVIII ст. у ёй маглі захоўвацца толькі самыя агульныя абрысы нават не падзей, а атмасферы, у якую міжволі занурыўся гомельскі край пасля паразы Вітаўта ў бітве на Ворскле.

Звязаўшы з вобразам Вітаўта адзін з мясцовых водных аб’ектаў, народ паказаў, калі не цалкам станоўчае, то нейтральнае стаўленне да яго асобы. Асоба Вітаўта за некалькі стагоддзяў у народнай свядомасці міфалагізавалася, страціла свае рэальныя рысы, ператварылася ва ўмоўны сімвал даўніны. У гэтым сэнсе назва «Вітаў калодзеж» магла замацавацца за старым калодзежам і безадносна да рэальнага вялікага князя літоўскага і яго дзейнасці.

Такім чынам, паходжанне назвы «Вітаў калодзеж» можа быць звязана з адлюстраваннем у народнай памяці вобраза вялікага князя літоўскага Вітаўта, як у сувязі з падзеямі на Гомельшчыне пасля няўдалай для яго бітвы на рацэ Ворскле (1399 г.), так і ў сэнсе ўмоўнага абазначэння яго імем старажытнага аб’екта.

Заключэнне

У адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі ў Гомелі і Гомельскім раёне, вядома мала сведчанняў гісторыі часоў Вялікага Княства Літоўскага. Архітэктурныя спаруды загінулі. Старадаўнія могілкі з цягам часу зніклі. Рэшткі матэрыяльнай культуры знаходзяцца пад зямлёй, а часам і ў месцах, дзе паўнавартасныя археалагічныя раскопкі правесці надзвычай складана. Вядомых пісьмовых крыніц недастаткова. Вуснай народнай творчасцю даследчыкі зацікавіліся толькі ў ХІХ ст.. На гэтым фоне вельмі важна знаходзіць, фіксаваць, захоўваць і ўсебакова вывучаць любыя факты, з’явы і аб’екты рэгіянальнай гісторыі гэтага перыяду, у тым ліку сведчанні тапанімікі.

Абапріаючыся на інфармацыі «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак» 1776 г. і картаграфічныя матэрыялы канца XVIII ст. і нашага часу, нам удалося звузіць абшар пошуку старога воднага аб’екта – Вітава калодзежа. Мы мяркуем, што ён знаходзіўся на адрэзку мясцовасці паміж сучаснымі вёскамі Шчэрбаўка і Іванькаў Гомельскага раёна. З прычыны недастатковасці дакументальных і археалагічных крыніц вызначыць яго дакладнае размяшчэннеўсё яшчэ немагчыма.

Верагодна, што сітуацыю маглі б праясніць палявыя даследаванні на абшары цяперашняга ўрочышча Княжацкі Рог. Апытанне старажылаў на прадмет легенд і паданняў пра старадаўнія крыніцы ў гэтай мясцовасці, правядзення археалагічнай разведкі у мясцовасці меркаванага размяшчэння Вітава калодзежа маглі б ці значна звузіць сектар пошку, ці нават паспрыяць дакладнаму вызначэнню знаходжання згаданай мясціны.

Магчыма, што плённасці пошуку будзе садзейнічаць і такі напрамак гістарычна-краязнаўчых даследаванняў і, як вызначэнне старой дарогі (XIV-XVIII стст.), якая звязвала павятовы цэнтр Рэчыцу са  «старосцінскім» Гомелем. Падобнага кшталту аб’екты ў Беларусі размяшчаліся менавіта пры дарогах. Цікава заўважыць, што калі старая дарога паміж Рэчыцай і Гомелем уяўляла сабой прамую лінію як самую кароткую адлегласць паміж аб’ектамі, то гэтая лінія праходзіць акурат праз мясцовасць, дзе мы лакалізавалі Вітаў калодзеж.

Па аналогіі з іншымі рэгіёнамі Беларусі, дзе падобныя тапанімы вядомы з пісьмовых крыніц XVII-XIX стст. і вывучаюцца, прынамсі, з ХІХ ст., мы прыйшлі да высновы, што паходжанне тапоніма «Вітаў калодзеж» у наваколлі Гомеля можа быць звязана з народным пераасэнсаваннем вобраза вялікага князя літоўскага Вітаўта. У той жа час вытокі гэтай назвы могуць быць звязаны з рэальнымі гістарычнымі падзеямі канца XIV ст., ад якіх у народнай памяці цягам некалькіх стагоддзяў захаваліся толькі самыя агульныя уяўленні. Таксама мы дапускаем, што паняцце «Вітаў» магло сімвалізаваць даўніну ў цэлым, не адлюстроўваючы гістарычных рэалій.

У разе выяўлення канкрэтнага размяшчэння колішняга Вітава калодзежа ці месца, якое можа быць падобным чынам інтэрпрэтавана (па сукупнасці вынікаў даследавання), яго можна аднавіць як гідратэхнічную спаруду (пры ўмове наяўнасці крыніцы) альбо пазначыць пэўным памятным знакам са звесткамі пра гэты аб’ект. Улічваючы наяўнасць у суседнім Рэчыцкім раёне папулярных паломніцкіх (а па сутнасці, і турыстычных) пунктаў са святымі крыніцамі ў в.Чорнае і в. Белае Балота, аб’ект на Княжацкім Рагу мог бы арганічна ўпісацца ў адпаведны маршрут.

Крыніцы і літаратура

1. Благоустройство родников Гомельской области [Электронный ресурс] – Режим доступа: https://naturegomel.by/blagoustroystvo-rodnikov-gomelskoy-oblasti-0 – Дата доступа: 5.01.2021.

2. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142-1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. – Гомель: КИПУП «Сож», 2005. – 48 с.

3. Генеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г. [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://starayakarta.com/starye-karty-belarusi – Дата доступа: 11.01.2021.

4. Гурская, Ю. А. Образ князя Витовта в народной культуре белорусов / Ю. Гурская. [2015 г.] [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://elib.bspu.by/handle/doc/30523 – Дата доступа: 6.11.2021.

5. З «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак П.А. Румянцава» 1776 г. // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я – Мінск : БЕЛТА, 1998. – С. 117–130.

6. Зайкоўскі, Э. Беларусы ведалі сваіх герояў / Э. Зайкоўскі. // Спадчына. – 1995. – №2. – С. 193–200.

7. Лобач, У. А. Святыя крыніцы Беларусі / У. Лобач, Т. Валодзіна. – Мінск : Беларуская навука, 2016. – 188 с.

8. Лист боярыну гомейскому Левону Волъку до старосты гомейского [1560 г.] // Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 37 (1552-1561) / Parengė D. Baronus. – Vilnius : Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2011. – 632 p.

9. Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. – Гомель : Барк, 2018. – 244 с.

10. Насевіч, В. Л. Бітва на Ворскле 1399 г. / В. Л Насевіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Т. 2. / Рэдкал.: М.В. Біч [і інш.]. — Мінск : БелЭн, 1993. – С. 45.

11. Окрестности Гомеля [Карты] : обзорно-топографическая карта / редактор Г. А. Мациевская. – Минск : Белкартография, 2013.

12. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я – Мінск : БЕЛТА, 1998. – 608 с.

13. Планы дач генерального и специального межевания, 1746-1917 гг. (коллекция) / Опись 233. Часть 1. Губерния, уезд: Могилевская; Белицкий. [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://rgada.info/poisk/index2.php?str=1354-opis_233-1 – Дата доступа: 17.01.2021.

14. Полное собрание русских летописей. Летописи белорусско-литовские. – Т. 35.  – Москва : Наука, 1980. – 306 с.

15. Рогалев, А.Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. – Гомель : Барк, 2012. – 291 с.

16. Родники Беларуси. Гомельский район [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://rodnikbel.tk/#ГО-ГОМ – Дата доступа: 14.01.2021.

17. Скварчэўскі, З. Вобраз князя Вітаўта ў міфалагічнай свядомасці беларусаў / З. Скварчэўскі. [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://www.academia.edu/29527197 – Дата доступу: 14.01.2021.

18. Темушев, В. Н. Гомельская земля в конце XV – первой половине XVI в. : территориальные трансформации в пограничном регионе / В. Н. Темушев. – Москва : Квадрига, 2009. – 189 с.

19. Шпилевский, П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю / П. М. Шпилевский.  – Минск: Полымя, 2004. – 251 с.

2019-2021 гг.