
###
ў абдымках тлену гэты горад
даўно прамзонамі аслеп
я зноў стаю ў чарзе па гора
і хлеб
###
малюе травеньская роспач
аскепкі скрадзеных карцін
глядзіш на тую, што не побач
адзін
###
твой праметэй даўно прыкуты
да цэглы стомленых двароў
у вадасцёках гніль атруты
і кроў
###
у павуцінні яркіх ліній
не чэзне салаўіны цёх
і ў шчаснай доўжыцца руціне
жыццё
###
букецік пасінелых ружаў
ўскладаю я на твой парог
і да карчмы бліжэйшай рушу
мой бог
###
мы развіталіся з табою
не перавязваючы ран
і лёг на дол прад новым боем
туман
###
на неба зорнае з ахвотай
у пастцы рамантычных спроб
глядзіць праз прызму анекдотаў
твой гоп
###
над гаражамі чорны месяц
густых хрушчовак родны брат
і кот маўчыць ў падвальным стрэсе
з-за крат
###
сабакі кінутых заводаў
пільнуюць кожны прышлы гук
і клічуць брэхам адзіноты
ўсіх сук
###
затока ў панцыры бетону
паабяцала небу сінь
шаптала здань вадзе сцюдзёнай
пакінь
2015-2016 гг.
Фота: klopmaster