
Ці раставіць зіма кропкі над «і»
Дзед Коля Ляндараў з вёскі Мажджаліна вырашыў у гэтым сезоне абысціся без зімы. Дзеля гэтага ён звярнуўся асабіста да гаспадыні «белых мух» з адпаведнай просьбай. Зіма сустрэла яго зварот з цікаўнасцю. Дзядуля прапанаваў ёй падпісаць кантракт, паводле якога зіма пакідала б яго ў спакоі да вясны 2012 г., а ён аддаў бы ёй сваю душу ў арэнду на той самы тэрмін. Спадарыня вельмі расчулілася і пагадзілася, бо ніколі ў гісторыі з ёй ніхто кантрактаў не заключаў.
Тэкст унікальнага дакумента дзед Коля склаў самастойна згодна з той правапіснай традыцыяй, якой ён валодае. У выніку абодва бакі паставілі подпіс аб стварэнні на падворку Мікалая Ляндарава «Свабоднай ад ызлішыств зімы зоны (мажджалінскай)», або СадЫЗЗ(м). Ініцыятар кантракта збіраўся нават замацаваць яго крывёю, але зіма заявіла, што хопіць толькі хладнакроўнасці. Зіма са свайго боку цікавілася, чаму ў дакуменце замест паняцця «душа» фігуруе паняцце «душонка» і ўвесь час праз літару «т». Ляндараў патлумачыў, што душа яго даўно здрабнела і стала глухой, быццам гук, які перадаецца памянёнай літарай. На тым і пастанавілі.
Бакі задаволеныя. Эксперты ж лічаць, што наступствы заключэння кантракта па стварэнні СадЫЗЗ(м) непрадказальныя. «Дапусцім, што на падворку дзеда Колі сапраўды не будзе зімы, – разважае ананімны аналітык. – Але што будзе замест яе? Іншыя паравіны года не ў курсе дзедавых кантрактаў, і наўрад ці стануць абслугоўваць яго падворак па-за чаргой. У выніку у яго не будзе ні зімы, ні іншай паравіны. Гэта можа справакаваць пэўныя праблемы. Не хачу каркаць, але кар-кар…».
Застаецца толькі цешыцца, што дзеду Мікалаю ніхто не падкінуў тэлефончык снежнай каралевы ці ейных троляў.