У сваім мікрааўтобусе грамадзянін Украіны спрабаваў перавезці праз мяжу трактар

Трактар Т-25. Дзед Мароз вырашае, кім быць і якім быць

З цяперашнім надвор'ем не здзівішся, калі на трактары Т-25 праз пару дзён прыедзе Дзед Мароз

Як паведамляе газета «Гомельские ведомости», каля вёскі Прыбаловічы Лельчыцкага раёна пагранічным нарадам сумесна з супрацоўнікамі мясцовага РАУС быў спынены аўтамабіль «Мэрсэдэс-Спрынтар», каторым кіраваў 33-гадовы грамадзянін Украіны. У часе агляду транспартнага сродку ўнутры выявілі разабраны трактар «Т-25».

У далейшым было высветлена, што груз планавалася перамясціць праз дзяржаўную мяжу ў абыход пункта пропуску «Глушкевічы». Аўтамабіль і схаваны ў ім трактар даставілі ў Лельчыцкае РАУС для далейшага разгляду.

Між тым, з крыніц вартых даверу мы даведаліся, што памянёны трактар належаў жыхару вёскі Мажджаліна Пятру Смаўжэцкаму. Год таму ён выйграў яго ў мясцовую латарэю «Наша балато», але так і не карыстаўся. Рэч у тым, што ў яго двары, які знаходзіцца на досыць вялікім пагорку, адзін за аператараў мабільнай сувязі паставіў сваю вышку. У якасці ўзнагароды Пётра атрымаў бясплатны безлімітны дасяг да інтэрнэту.

Падсеўшы на online-гульню «World of Tanks», Смаўжэцкі забыўся на ўсё ў тым ліку і на трактар. Нядаўна праз вёску ехаў згаданы вышэй грамадзянін Украіны і заўважыў недагледжаны трактар. Ён пацікавіўся, чыя тэхніка і, атрымаўшы адказ, рызыкнуў зайсці ў хату, дзе мажджалінец «рэзаўся ў танкі». На пытанне ўкраінца аб магчымасці набыць «Т-25» Пятро Смаўжэцкі ў адказаў у рэзкай форме: «Забірай той кляты «Т-25» і кульгай адсюль на сухі лес, пакуль немцы мой «Т-34» не разбумбенілі».

Ці будуць гэтыя факты прынятыя да ведама лельчыцкімі ахоўнікамі парадку, пакуль няясна. Застаецца толькі цешыцца, што ахвярай прадпрымальнага ўкраінца не стаў уладальнік рыбнага азярца Селіван Аўдоццеў, які пяць гадоў таму адрамантаваў савецкую электронную гульню «Волк и яйца» і дагэтуль спрабуе набраць 1000 ачкоў, каб убачыць мульцік.