У Мажджаліне шукалі скарбы Напалеона

Каму большы кавалак

Слепіць не золата, а яго прадчуванне

У Мажджаліну завітаў гурт маладых людзей з Гомеля, апантаных пошукам напалеонаўскіх скарабаў. Настаўнік гісторыі мажджалінскай школы Юрась Неспакойны, які выпадкова сустрэў гэтых нечаканых гасцей адразу запярэчыў.

У прыватнасці ён паведаміў: “Праз нашу вёску напалеонаўскія войскі не праходзілі. Калі і быў у Мажджаліне за апошнія 200 гадоў які-небудзь Напалеон, дык гэта хіба казёл бабулі Брачыславы Ампіраўны Барарудзянскай, зрэдку каньячнае пойла ці тарты. У свой час нават мастак Напалеон Орда абмінуў Маждажаліну. А вы кажаце пра французскага імператара”.

Шукальнікаў скарбаў ягоныя словы не пераканалі. Адзін з маладзёнаў тыцнуў пальцам у карту на google maps, потым паслінявіў, пдняў над сабой, быццам вызначаў кірунак ветру, а ўжо потым паказаў на зямлю і прамовіў: “Капаем тут”. Закіпела праца. Усё глыбей і глыбей рабілася яма. Усё болей і болей жоўтага пясочку апыналася на паверхні. А напалеонаўскага скарбу так і не было. Зрэшты, моладзі падабаўся сам працэс і магчымасць творчага палёту. Так з’явілася мініяцюрная легенда з пяску – ці то сэрца, ці то нешта іншае.

Каму большы кавалак

Палёт творчай фантазіі. Яго немагчыма спыніць

Не знайшоўшы нават ламанага гузіка, аматары даўніны адправіліся дахаты.

Застаецца толькі цешыцца, што ямка па шчаслівай выпадковасці была выкапана на прысядзібнай дзялянцы Брачыславы Ампіраўны, якая даўно марыла зрабіць новы капец пад бульбу.