
Калі раптам адчуеш камунальныя пахі, не спяшайся выводзіць іх водрам ванілі. Гэта можа прывесці да непрадказальных наступстваў
Апоўдні 4 ліпеня ў заходняй частцы вёскі Мажджаліна быў адзначаны канцэнтраваны пах ванілі, гарачай кавы і горкага шакаладу. На анамалію адразу звярнулі ўвагу тутэйшыя метэаролагі-аматары, а па сумяшчальніцтву ўдзельнікі клубу па вывучэнні паранармальных з’яваў – Антось Капыцька і Настасся Кыркота.
Яны тэрмінова выправіліся ў раён анамаліі, дзе ўжо пачыналі мітусіцца перапужаныя вяскоўцы. Прыкінуўшы на пальцах, Антось і Настасся хутка вызначылі ачаг анамальнай актыўнасці. Прыкрыўшыся карамельным шлейфам, яны рушылі да мансарды аднаго з дамоў.
Там была выяўлена нідзе непрацуючая 18-цігадовая Марыфка К., якая пахла ваніллю, піла гарачую каву з горкім шакаладам, глядзела кіно ў смешных тапачках і цытавала фразы пра каханне. Каб зменшыць анамальную актыўнасць, Капыцька і Кыркота ўжылі рашучыя захады: астудзілі каву, пасыпалі цукрам шакалад, даказалі Марыфцы, што яе тапачкі выглядаюць зусім нясмешна. Пах ванілі вырашылі не чапаць, каб у наступным больш падрабязна вывучыць гэты феномен.
У выніку актыўнасць зменшылася да межаў нормы. Дзяўчына прызналася, што развучылася плакаць, але любіць слёзы неба. Метэаролагі паабяцалі бядачцы падарыць бутэлечку з дажджавой вадой. Аперацыя скончылася без эксцэсаў.
Застаецца толькі цешыцца, што для вырашэння праблемы не давялося выклікаць спецыялістаў з ЗША, Расіі ці раённага цэнтру.