
Усцешаны пераможца фатаграфуецца на памяць са сваім уловам, каб праз некалькі хвілін з ім развітацца. Хто ведае, ці сустрэнуцца яны калі-небудзь яшчэ...
У вёсцы Мажджаліна адбылося незвычайнае спаборніцтва. Прафесійныя рыбакі і рыбакі-аматары спаборнічалі ў барацьбе па лоўлі рыбы ў мутнай вадзе. Кампетэнтнае міжраённае журы загадзя вызначыла месца правядзення рыбалкі і трымала яго пад сакрэтам да самага дня спаборніцтва.
На немалое здзіўленне тутэйшых рыбакоў такім месцам было абаранае Чортава балота. Яно знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад вёскі і спрадвеку лічыцца абіталішчам нячыстае сілы. Нават у 70-я гады мінулага стагоддзя меліяратары не здолелі выканаць план па асушэнні балот Карэчыцкага раёна менавіта з-за гэтага балота, якое не падпускала да сябе ні людзей, ні тэхніку. А калі і падпускала, то потым не вяртала назад.
І вось сёлета Чортава балота стала месцам паломніцтва рыбакоў некалькіх раёнаў. З дапамогай верталёта 10 рыбакоў былі дастаўлены на асобныя купіны. Не зважаючы на залеўныя дажды, удзельнікі спаборніцтва прасядзелі на балотных купінах больш за пяць гадзін. Большасць з іх так і не змагла паймаць хаця б адну рыбку. Але практычна кожнаму давялося пазмагацца з русалкамі, якія прапаноўвалі ім іншы спосаб баўлення вольнага часу. Дамам давялося ветліва адмовіць.
Пераможцам жа ў выніку абвясцілі мажджалінца Андрэя Кандыбайлу, на вуду якога трапіўся вельмі рэдкі разнавід рыбы чорт лысы. Паколькі гэтая рыба занесена ў сакрэтныя дадаткі да «Чырвонай кнігі», яе давялося адпусціць.
Андрэя журы ўзнагародзіла элітным кітайскім паплаўком. Самому ж пераможцу прыемна ўжо тое, што цяпер пра яго з усімі на тое прычынамі аднавяскоўцы могуць сказаць – ён і чорта лысага не баіцца.
Застаецца толькі цешыцца, што ўдзельнікі спаборніцтва не карысталіся электравудамі ці дынамітам, а то невядома, да якіх чарцей яны б дагрукаліся.