Турнір па жаночым пляжным фехтаванні на самурайскіх мячах прайшоў у Мажджаліне

Бiце ў сэрцы iх, бiце мячамi, Не давайце чужынцамi быць, Хай адчуюць як сэрца начамi Аб радзiмай старонцы балiць

Тоня. А можа, і Моня. Хто ўжо цяпер разбярэ...

Спантанны турнір з выкарыстаннем самурайскіх мячоў узнік на пляжы каля ручая Шмыга паміж двума маладымі жыхаркамі вёскі Мажджаліна.

Паводле версіі гледачоў дваццацігадовыя Тоня Ж. і Моня П. падчас пляжнага адпачынку разышліся ў поглядах на трактоўкі дэканструктывісцкіх інтэрпрэтацый катэгарычнага імператыву Імануіла Канта. Паводле ж міжвольных суддзяў, якім давялося разнімаць гарачых дзяўчын, тыя банальна не падзялілі хлапца з вёскі Чорны Лес.

Умяшанне названых суддзяў (школьны фізрук Кандрат Слойка і працаўнік тутэйшага вінзавода Ігнат Прыпеўка), а таксама нечаканая залева з навальніцай, змусілі дзяўчат пагадзіцца на баявую нічыю. Гэта пры тым, што некаторым нядобрасумленным гледачам карцела прымераць на сабе лаўры славутага рэжысёра Квенціна Таранціны і яны, уключыўшы камеры мабільных тэлефонаў, падахвочвалі фехтавальшчыц паставіць перад імі опен-эйр рымэйк фінальнай сцэны фільма «Забіць Біла-1».

Бiце ў сэрцы iх, бiце мячамi, Не давайце чужынцамi быць, Хай адчуюць як сэрца начамi Аб радзiмай старонцы балiць

Ад гэткага павароту падзей юных сяльчанак аддзялялі лічаныя секунды

Застаецца толькі цешыцца, што мы дагэтуль не ведаем, адкуль удзельніцы турніру ўзялі самурайскія мячы.