Інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што на пачатку гэтай восені на беларускую зямлю ўпершыню ступіць нага аднаго з удзельнікаў культавага брытанскага гурта Depeche Mode Эндзі Флэтчара, які адыграе ў Мінску dj-сэт. Між тым, саракагадовая мажджалінка Юстыся Калыханская заяўляе, што гэты музыка ўжо ступаў на беларускую зямлю адразу дзвюмя нагамі 24 гады таму.
Юстыся паказвае нам старую фатаграфію. На здымку – малады мужчына вельмі падобны на Флэтчара. Жанчына сцвярджае, што здымак атрымала на памяць асабіста ад удзельніка гурта Depeche Mode пасля яго нечаканага візіту ў Мажджаліну. Паводле яе словаў усё адбылося ў сярэдзіне ліпеня 1987 года. Вечаровай парой у небе над вёскай з’явіўся самалёт без апазнавальных знакаў, з якога скочыў парашутыст. Гэта і быў Эндзі Флэтчар.

Менавіта такім запомніўся Юстысі клавішнік Depece Mode
Ён натхніўся дзёрзкім учынкам маладога немца Матыяса Руста, які 28 мая таго года прыляцеў на лёгкім самалёце ў Маскву і пасадзіў яго на Красную Плошчу. Праўда, брытанскі музыка выбраў іншы варыянт. Ён паспрачаўся з сябрамі, што здолее дэсантавацца ў раёне чарнобыльскай зоны, зладзіць сярод тубыльцаў канцэрт і потым вярнуцца ў Заходнюю Еўропу.
План Флэтчара спрацаваў. Хаця стогадовы (на той момант) вясковец Бутрым Бутрымаў палічыў парашутыста за нямецка-фашысцкага дэсантніка і, адкапаўшы ў агародзе кулямёт, спрабаваў спыніць Эндзі яшчэ ў палёце. Але для апошняга ўсё абышлося толькі лёгкім перапудам. Ён прызямліўся на ўскрайку Мажджаліны, сустрэў там Юстысю, якая кветачкі збірала, вяночкі звівала. На дзіва хутка музыка пазнаёміўся з ёй, паказаў, што такое Free Love і падарыў насавой ей платок фотакартку.
Пасля таго яны разам пайшлі ў вясковы клуб, каля якога Флэтчар ледзь не атрымаў у карак ад тутэйшых забіякаў – Юстыся не дазволіла яго пакрыўдзіць. У клубе і адбыліся танцы, якія сталі потым для многіх маладых вяскоўцаў легендарнымі. Замест “Ласкового мая” і “Нежного яда” там загучалі песні з першых шасці альбомаў Depeche Mode, касеты з якімі прыхапіў у сваё падарожжа Флэтчар.
У пяць гадзін раніцы, калі мажджалінская моладзь, глыбока працятая сінты-попам, гучна спявала “Strangelove”, да клуба падкацілі некалькі міліцэйскіх машын і грузавік з салдатамі ўнутраных войскаў. Удзельнік гурта Depeche Mode быў схоплены, як іншаземны дыверсант, і завезены для далейшых разбіральніцтваў у Гомель.
Што адбылося потым, дакладна сказаць цяжка. Але Флэтчар не быў асуджаны, як Матыяс Руст. Пра яго мажджалінскую эпапею нават нідзе не згадвалі. Магчыма, кіраўніцтва БССР вырашыла замяць гэтую справу, не дакладаючы пра інцыдэнт у Маскву. Асобныя рамантыкі сцвярджаюць, што ў камуністычным кіраўніцтве Свецкай Беларусі былі таемныя шанавальнікі творчасці Depeche Mode, але гэта версія выглядае не вельмі пераканаўча.
Канцэпцыя цяперашняга тура Эндзі Флэтчара – пабываць у тых месцах, куды яшчэ не прыязджалі Depeche Mode. Паводле логікі рэчаў Мажджаліна аўтаматычна выпадае з яго гастрольнага спісу. “Няўжо ён не заедзе да нас?” – пытае Юстыся Калыханская, трымаючы ў руках памятную фатаграфію. Пытанне застаецца адкрытым.
Застаецца толькі цешыцца, што гэтая гісторыя стала набыткам галоснасці, хай сабе і праз 24 гады. Дарэчы, старэйшы сын Юстысі, дваццацітрохгадовы Андрэй зараз вучыцца ў Мінску і грае ў сінт-поп гурце.