Сумная навіна: Жан Боўцель не вернецца на мехдвор

Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца, учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце - у самай добрай пары дзяўчына

Наша карэспандэнтка бітую гадзіну спрабуе ўвайсці ў хаціну, дзе Жан Боўцель таіцца ад людзей

У час працяглага вытворчага крызісу механізатар Жан Боўцель вырашыў расказаць нашаму сайта пра сваё цяперашняе жыццё-быццё і пошук новых формаў рэалізацыі.

Некалі імя Жана Боўцеля грымела не толькі на ўвесь раён, але і на цэлую вобласць. Сёння ж гук гэтых грымотаў зменшыўся амаль да нулявой адзнакі. Яшчэ летась у лютым ён спрабаваў зладзіць на мажджалінскім мехдвары ў трыццаціградусны мароз паказальную зборку і разборку з завязанымі вачыма камбайна «Палессе-14», але з гэтай задумы нічога не выйшла. Жан выпадкова крануў языком ключ на 32 і прымёрз да яго. Давялося бегчы ў кацельню размарожвацца. Калі ж вярнуўся, камбайна ўжо не было – яго памылкова адправілі ў Венесуэлу.

З таго часу Жан неахвотна размаўляе пра мехдвор. Ён катэгарычна адмовіўся ўдзельнічаць у гоначным праекце «ТрактарDrivers», а на пытанні пра свой цяперашні вытворчы настрой адказвае досыць ухіліста. «А ці не схадзілі б вы праветрыцца?!» – адна з найбольш лёгкіх рэплік, пачутых намі ад Боўцеля.

Ці не адзіным выпадкам яго з’яўлення каля мехдвара за гэты час стаў рэкламны калаж, які запознена зрабілі супрацоўнікі раённай газеты «В конце туннеля яркий свет слепой звезды». «Калаж-мухляж-хварабаж! Шчоўкнулі мяне, а потым мехдвор, а яшчэ потым фоткі склеілі. Пайшлі б лепш якіх нашых дзевак склеілі. Клеюны!» – зазначае адзін з лідараў мажджалінскага механізатарства новага пакалення.

Жан прызнаецца, што зусім не цікавіцца працэсам на мажджалінскім мехдвары. Галоўным адкрыццём гэтага сезону ён лічыць шырокую цікавасць сярод гарадскіх жыхароў да праблемы адрознення жаткі ад абмалота, але ўпэўнены, што да абмеркавання тэхнічных нюансаў шыроказахватных камбайнаў гараджане так і не дойдуць.

«Я ніколі не захапляўся нейкай тэхнічнай леватнёй. Мне заўжды падабаліся толькі самыя папулярныя камбайны і трактары – «Нива», «Колос», «Палессе», «Беларус», «Кировец» да серыі К-744Р. Мне падабаюцца старыя машыны, мне падабаецца мехдвор, якім яго я бачыў фотакартках майго дзеда. А зараз мехдвор становіцца дужа гламурным. Галандскія камбайны. Нямецкія трактары. Навошта нам усё гэта?» – задае Жан Боўцель рытарычнае пытанне, ад якога нам робіцца трошачкі няёмка. Застаецца толькі цешыцца, што трошачкі.