Летні сум у Гомелі / ambient, rap, lo-fi


Праважаю лета’2017 кампазіцыяй “Летні сум у Гомелі”, сабранай з палявых і бібліятэчных гукаў, архіўных запісаў, уласнаручнага квазімузіцыявання і рэчытатыўнай чыткі свайго ж тэксту.

ЛЕТНІ СУМ У ГОМЕЛІ
Дзікім мёдам
з пустазелля
поўніць соты,
поўніць келлі
гэты горад
утрапёна,
сыпле горы,
тчэ раёны
і заводзіць
з летам танга,
пры нагодзе
скочыць з танка
ў ледзяную
сінь фантанаў
і сумуе
думкай п’янай.
Гомель плача
і смяецца
ад нястачы
сэнсу ў сэрцы,
бурыць цень
руін руінаў
і пляце
клубок змяіны.
У палоне
тры стагоддзі.
Дзівіць. Стогне.
Карагодзіць.
П’е да коскі,
б’е да стомы
і стакгольмскім
тхне сіндромам.
Дождж і сонца –
дзень цудоўны.
Шнапс на донцы,
Швэпс папоўнай.
Горад паліць.
Горад гасіць.
Грому хвалі.
Сквар на трасе.
Тры анёлы
ў камуфляжы
невясёлы
лёс нам вяжуць.
Хтось чацвёрты
з доўгай дзюбай
будзіць мёртвых
зместам трубаў.

2017 г.