
Навучальна-даследчая праца Ірыны Прахарэнка і Наталлі Сідоранка, 10 кл.
Навуковыя кіраўнікі: С.А. Балахонаў, А.М. Назаранка (г.Гомель)
Пад стэрэатыпамі разумеюцца звыклыя нам погляды або традыцыйнае стаўленне асобы альбо нейкіх супольнасцяў да іншых асобаў, супольнасцяў, падзеяў, дзеянняў, учынкаў і г.д. [31, с. 124]. Стэрэатыпы разнастайныя. Яны могуць быць нацыянальнымі, рэлігійнымі, гендэрнымі. Існуюць гэтак жа і стэрэатыпы, якія тычацца пэўных адносін да таго ці іншага рэгіёну, населенага пункта, да людзей, якія там пражываюць [28]. Стэрэатыпнае бачанне можа сыходзіць, як ад «чужынцаў», так і непасрэдна ад жыхароў дадзенай канкрэтнай мясцовасці – вёскі, горада, гарадскога раёна. Ступень эмацыйнай афарбоўкі, у якой выяўляюцца адносіны, можа сур’ёзна вар’іравацца як у станоўчы, так і ў адмоўны бок.

Гомель як горад са сваімі асаблівасцямі на розных гістарычных этапах станавіўся аб’ектам розных стэрэатыпных поглядаў. Гэтаму пытанню даследчыкі яшчэ не надалі дастатковай увагі. Аднак можна ўявіць, якой была ці ёсць сутнасць некаторых з такіх стэрэатыпаў.
Стэрэатыпам канца XVIII ст. маглі быць уяўленні аб ступені трываласці або драхласці гомельскага замка напярэдадні яго зносу для пачатку будаўніцтва палаца П.А. Румянцава [39, с. 74].

Стэрэатыпам адносна М.П. Румянцава як новага ўладальніка Гомеля магла стаць і вобразная заява аднаго з першых даследчыкаў гомельскай гісторыі Л. Вінаградава: «…застав Гомель соломенным, он оставил половину его каменной» [22, с. 27]. Маецца на ўвазе не толькі той факт, што пераважная колькасць пабудоў у Гомелі на той момант заставалася драўлянымі, а яшчэ і тое, што словы Вінаградава з’яўляюцца пераробкай выказвання аб рымскім уладары Актавіяне Аўгусце, які «прыняў Рым драўляным, а пакінуў каменным».

«Калі князь Галіцын едзе на воды ў Бадэн-Бадэн, то Цыперовіч – не далей, на жаль, чым Гомель-Гомель», – адзін з варыянтаў анекдота пачатку ХХ ст., які змяшчае ў сабе стэрэатыпнае стаўленне да Гомеля.

У наш час ад жыхароў іншых гарадоў Беларусі, асабліва калі яны ніяк не звязаныя з Гомелем і Гомельшчынай, жыхар нашага горада часцяком можа пачуць вокліч: «Ды ў вас жа там радыяцыя!», пасля чаго не выключаецца верагоднасць роспытаў пра тое, як гамяльчане змагаюцца з радыеактыўным заражэннем горада і як яны наогул могуць жыць «пад бокам у Чарнобыля».

Староннія стэрэатыпы і стэрэатыпы, якія існуюць сярод саміх гамяльчан могуць не супадаць. Так, у песні польскага музыканта расійскага паходжання Алёшы Аўдзеева «Homel» паўстае вобраз Гомеля як габрэйскага мястэчка, дзе «płynął Soż i pachniał bez» [3]. І хоць большасць сучасных гараджан з гэтай песняй наўрад ці знаёма, само ўяўленне аб некалі габрэйскім Гомелі працягвае існаваць і цяпер як агульнагарадскі стэрэатып. У рамане Іллі Эрэнбурга «Бурнае жыццё Лазіка Ройтшванеца» (1927) частка дзеяння адбываецца ў Гомелі эпохі нэпа, калі габрэйскае насельніцтва ў нашым горадзе яшчэ пераважала [40]. Гэты раман перакладзены на шматлікія мовы свету і, па сутнасці, з’яўляецца самай знакамітай кнігай пра Гомель у свеце, а значыць, з’яўляецца яшчэ і крыніцай фарміравання старонніх стэрэатыпаў аб нашым горадзе 1920-х гадоў. Аднак у самім Гомелі аб гэтым творы ведаюць толькі спецыялісты і энтузіясты краязнаўства.

Уолтар Ліпман (1889-1974) – амерыканскі даследчык, які ўвёў у шырокі навуковы зварот паняцце стэрэатыпу.
Няведанне або слабое веданне гісторыі Гомеля, часта памножанае на нежаданне пашыраць свой кругагляд ў гэтым кірунку, таксама спараджаюць стэрэатыпы. Падобныя стэрэатыпы амерыканскім даследчыкам Уолтарам Ліпманам яшчэ ў 1922 г. характарызаваліся як недасканалыя ўтварэнні або прадузятыя думкі: «карцінкі ў галаве», «эмацыйныя сімвалы», «фіксаваныя вобразы» [28]. Адным з такіх стэрэатыпаў з’яўляецца перакананасць пэўнай часткі гараджан у тым, што Гомель не можа быць цікавы турыстам, бо тут ім, нібыта, няма на што глядзець: мала цікавых старых ці новых арыгінальных будынкаў, гістарычных помнікаў, невыразнасць прыродных аб’ектаў.

Часам адбываецца так, што гамяльчане, жывучы ў горадзе, прызвычайваюцца да гарадскіх цікавостак (выдатных мясцін) і ўспрымаюць іх як частку ўласнай штодзённасці. У такіх выпадках для гараджан няма прынцыповай розніцы паміж жылым домам канца XIX ст. і будынкам рэстарана нядаўняй пабудовы. Такое ўспрыманне гарадскога асяроддзя таксама можна лічыць своеасаблівым стэрэатыпам, які наўрад ці спрыяе падтрыманню гарадскога патрыятызму сярод жыхароў нашага горада.

Надзея Пужынская – вядучая цыкла перадач «Гарадскія гісторыі» на Першым гарадскім тэлеканале.
Энтузіясты краязнаўства спрабуюць змагацца з дадзенымі стэрэатыпамі праз асветніцкаю дзейнасць. Прыкладам таму ў апошнія гады могуць служыць цыкл перадач «Гарадскія гісторыі» на Першым гарадскім тэлеканале, дзейнасць супольнасцяў «Гісторыя Гомеля ў фота» і «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», распрацоўка «Крытычнай мапы» з альтэрнатыўнымі цікавосткамі Гомеля [24].

Ад стэрэатыпнага ўспрымання рэчаіснасці не застрахаваны ніхто. Па гэтай прычыне стэрэатыпы могуць выяўляцца ў самых розных сітуацыях і з’явах [28]. Не будуць у гэтым сэнсе выключэннем і вынікі творчай дзейнасці, у тым ліку ў песенным жанры. У рамках дадзенай працы нас зацікавілі песні апошняга дзесяцігоддзя, у якіх так ці інакш закранаецца гомельская тэматыка.
Песенны жанр даўно стаў элементам масавай культуры [29, с. 337-338; 31, с. 72-74]. Разам з тым, сучасныя дасягненні інфармацыйна-камп’ютарнай цывілізацыі значна спрасцілі працэс вытворчасці і данясення песеннай прадукцыі да аўдыторыі (неабавязкова шырокай). У цяперашні час літаральна кожны мае магчымасць запісаць (у рознай якасці) песню і выкласці яе ў інтэрнэт. Дзякуючы гэтаму, маецца магчымасць прасачыць цікавую для нас тэматыку, убачыць зрэз цэлага спектру поглядаў, ідэй, меркаванняў аўтараў рознага ўзросту, узроўню адукаванасці, жыццёвага вопыту, сацыяльнага статусу і г.д.

Для пошуку песень мы свядома выкарыстоўвалі толькі ўнутраную пошукавую сістэму сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» з прычыны таго, што дадзеная сацыяльная сетка з’яўляецца адной з самых папулярных у Беларусі [32]. Акрамя таго, дадзеная сетка дае карыстальнікам магчымасць загрузкі аўдыёфайлаў на свае старонкі або ў тэматычныя супольнасці. З-за гэтых пераваг сацыяльную сетку «ВКонтакте» выбіраюць шматлікія музыкі, песеннікі, музычныя калектывы для прэзентацыі і рэтрансляцыі сваіх творчых напрацовак.
У якасці ключавых слоў для пошуку цікавых нам песень уводзіліся словы «Гомель» і «гомельскі» у розных формах на беларускай і рускай мовах. Сярод атрыманых вынікаў мы правялі адбор, свядома выключаючы са сферы нашых інтарэсаў песні (часцей за ўсё, т.зв. «дысы»), у якіх выкарыстоўваецца нецэнзурная лексіка. У выніку адбору атрымаўся спіс з пятнаццаці песень гомельскай тэматыкі, розных стылявых напрамкаў – рэп, поп-музыка, рок, бардаўская песня, шансон, эстрада, пост-панк.
Мэтай нашай працы стаў крытычны аналіз атрыманай песеннай выбаркі на прадмет наяўнасці ў тэкстах стэрэатыпнага вобраза Гомеля. Сыходзячы з гэтай мэты, нашы задачы былі такімі: 1) разгляд і характарыстыка, прадстаўленых у тэкстах песень гістарычнага, геаграфічнага, фальклорнага (у шырокім разуменні) аспектаў, 2) высвятленне ступені адлюстравання сучасных гомельскіх рэалій і характару эмацыйнай прыхільнасці аўтараў да Гомеля.
У тэкстах разгледжаных намі песень ўтрымліваюцца згадкі шэрагу гістарычных падзей або ускосныя адсылкі да іх. У песні «Гомельский вальс» згадваецца ўзрост горада («уж девятый век, как ты живёшь, город мой над тихой речкой Сож») [10]. Адлік у дадзеным выпадку вядзецца ад першай летапіснай згадкі Гомеля пад 1142 г. [27, с. 55-56]. Пры гэтым ніякіх сярэднявечных рэалій у тэксце гэтай песні не маецца. У песні, выкананай Юліяй Набокавай (словы Святаслава Крупенькі), згадваецца «рэха мінулых вякоў» [13; 17], аднак ніводнага канкрэтнага гістарычнага вобраза старэй 1941 г. у тэксце няма. Кур’ёзам выглядае радок з песні В. Дарнапыха, дзе ўпамінаецца гомельская ратуша як аб’ект, што існуе ў сучаснасці [11]. Гэты кур’ёз тлумачыцца тым, што песня «Улочки Гомеля» з’яўляецца перапрацоўкай песні «Улочки Львова» Гарыка Крычэўскага [12]. У перапрацаваным тэксце львоўскія рэаліі замененыя гомельскімі, але пры гэтым згадка ратушы па невядомай прычыне засталася.
Сярод гістарычных падзей, якія згадваюцца ў тэкстах названай песеннай выбаркі, пераважае вобраз Вялікай Айчыннай вайны. 5 з 15 песень, так ці інакш, закранаюць гэтую падзею. Далей ідуць: «Румянцаўская эпоха» (3 песні), чарнобыльская катастрофа (2 песні), «ліхія 90-я» (2 песні). З ліку гістарычных асоб згадваюцца гомельскія ўладальнікі Румянцаў («здесь когда-то граф Румянцев жил») і Паскевіч, гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі, а таксама стваральнік савецкай дзяржавы Уладзімір Ленін і верхавод фашысцкай Германіі Адольф Гітлер (у тэксце песні Андрэя Мельнікава ён згадваецца як фюрар) [10; 16; 7]. Тэма мінулай вайны аказваецца актуальнай у песеннай лірыцы розных стыляў – рэп, эстрада, бардаўская песня. Перавага ў песнях названых тэмаў не з’яўляецца чымсьці выпадковым, бо і СМІ, і культурныя ўстановы горада вядуць актыўную асветніцкую працу сярод гамяльчан, вылучаючы на пярэдні план менавіта гэтыя два перыяды з гісторыі Гомеля.

Станіслаў Шабунеўскі (1866/1868 – пасля 1937 г.) – беларускі архітэктар, аўтар значнай часткі забудовы Гомеля пачатку XX ст.
Сярод геаграфічных аб’ектаў, якія фігуруюць у песнях, лідарам ёсць гомельскі парк, які з 1 жніўня 2014 г афіцыйна называецца батанічным помнікам прыроды «Парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля» [36]. У 9 песнях ён альбо называецца наўпрост, альбо робіцца ўскоснае ўказанне на яго («белку кормил»). У 6 песнях згадваецца рака Сож. Таксама ў тэкстах песень згадваюцца гомельскія праспекты і вуліцы (часцей за ўсё без назвы), палац Румянцавых-Паскевічаў, цырк і фантан ля яго, каштаны, лебядзіная сажалка, «храмов золотые купола», пешаходны мост праз раку Сож, млынкамбінат і інш.
Больш за ўсё назваў геаграфічных аб’ектаў Гомеля ўтрымлівае песня А. Мельнікава – 23! Прычым частка гэтых назваў з’яўляюцца афіцыйнымі, а частка – неафіцыйнымі, народнымі. Прывядзём іх поўны спіс у парадку чарговасці згадкі ў песні: 1) Парк, 2) Валатава, 3) Навабеліца, 4) Мельнікаў Луг, 5) Залінія, 6) Пускачы, 7) Балбесаўка, 8) Стары Аэрадром, 9) Гідрапрывад, 10) Забег, 11) Манастырок, 12) Фестываль, 13) Сельмаш, 14) Давыдаўка, 15) Прудок, 16) Хімзавод, 17) Цэнтраліт, 18) Мільча, 19) Кожара, 20) Гомель-Паўночны (у арыгінале на «трасянкавы» манер – «Гомель-Северны»), 21) Заходні (у арыгінале – «Западны»), 22) Касцюкоўка, 23) Любенскі мікрараён [16].
Падобны прыём, калі ў песні пералічваюцца нейкія геаграфічныя аб’екты, часта выкарыстоўваецца стваральнікамі танцавальнай электроннай музыкі ў стылях рэйв і хаўс. Адным з яркіх прыкладаў таго ў сусветным маштабе – танцавальны хіт 2004 «The Sound Of San Francisco» аўстрыйскага дуэта Global Deejays (пералічваюцца гарады свету). У 2007 г. дадзены прыём быў выкарыстаны Аляксандрам Памідоравым і DJ Lexa ў кампазіцыі «Усе жадаюць Party!» (пералічваюцца абласныя і раённыя цэнтры Беларусі, у тым ліку, дарэчы, і Гомель) [33]. Аднак варта заўважыць, што электроншчыкі звяртаюцца да гэтага прыёму ў першую чаргу толькі для забавы слухача. У А. Мельнікава пералік гомельскіх раёнаў выступае яшчэ і спосабам нагадаць пра тое, што Гомель – гэта не толькі парк і цэнтр горада. Да таго ж пералік раёнаў у песні чаргуецца з разважаннямі пра лёс горада.

Бард Андрэй Мельнікаў выступае ў Музеі гісторыі горада Гомеля (2014).
Відэа з выкананнем гэтай песні, размешчанае ў найбуйнейшай гомельскай сеткавай супольнасці «Гэта Гомель, дзетка!», сабрала ў свой час вельмі цёплыя водгукі каментатараў [23]. Можна, выказаць здагадку, што жыхару канкрэтнага раёна горада прыемна пачуць у песні родную ці блізкую назву, даведацца знаёмыя вобразы (г.зн. зазнаць станоўчае эмацыйнае перажыванне), а сам пералік дадзеных назваў ўспрымаецца слухачом як элемент гульні [29, с. 26-27; 25, с. 358].
Беліца, Прудок, Валатава, Чонкі і Манастырок як гіпатэтычныя кропкі ў верагодных лініях пакуль яшчэ няіснага гомельскага метро згадваюцца ў песні Сяргея Балахонава [7]. Незалежна ад А. Мельнікава аўтар песні «Гомельскае метро» гэтак жа робіць упор на тое, што горад Гомель не абмяжоўваецца выключна гістарычным цэнтрам.
У трох песнях указваецца і геаграфічнае становішча Гомеля. У Сярогі (Сяргей Пархоменка) гэта вытрымана ў сухім энцыклапедычным стылі: «Город Гомель на юго-востоке Беларуси» [19]. У песні на верш Алены Машкоўскай (выконваецца Юліяй Васілеўскай) з гэтай нагоды больш патэтычнасці: «Ты белорусского юга столица!» [9; 15]. У рэчытатыве 100Pudova на гэта робіцца толькі намёк, аднак робіцца вельмі прыгожа: «Мой проспект соткан южным поцелуем» [1].

«Мой праспект сатканы паўднёвым пацалункам»: праспект Кастрычніка (2014)
Пры адлюстраванні геаграфічных рэалій Гомеля ў некаторых песнях таксама не абышлося без кур’ёзаў. У тэксце «Гомельского вальса» гаворыцца, што «река безмолвно вдаль течет за поворот» [10]. Маецца на ўвазе Сож, які сапраўды звілісты з паўночнага ўсходу і паўднёвага захаду ад гомельскага парка, які згадваецца ў песні як месца правядзення Румянцаўскіх баляў. Праблема ў тым, што з узгорка, на якім знаходзіцца палац Румянцавых-Паскевічаў, у рэальнасці можна ўбачыць (дый то з цяжкасцю) толькі частку лукавіны Сожа ў раёне ўпадзення ў яго ракі Іпуць (паўночны ўсход), але ніяк не лукавіну ў раёне возера Шапар (поўдзень)

Рака Сож. Карта на аснове фатаграфій са спадарожніка.
Сож нясе свае воды менавіта ў паўднёвым кірунку, таму варта прызнаць, што аўтар тэксту песні памыліўся.
У песні «Улочки Гомеля» згадваецца гасцініца «Інтурыст», у той час як насамрэч яна называецца «Турыст». Там жа гаворыцца, што «на проспекте в магазинах суета». Зыходзячы з таго, што гаворка ў песні ідзе аб цэнтры горада, то маецца на ўвазе праспект Леніна (на момант напісання песні ў Гомелі яшчэ не адбылося перайменаванне вуліцы Перамогі ў праспект Перамогі.). Аднак на праспекце Леніна няма буйных гандлёвых кропак, з уласцівай ім мітуснёй. Такога роду памылкі звязаны зноў-такі з тым, што тэкст песні «Улочки Гомеля» створаны на аснове не зусім крытычнай перапрацоўкі песні «Улочки Львова» [11; 12]. Фраза ж «на Советской лёгкий дым» магла б гучаць «на Советской сладкий дым», выклікаючы тым самым асацыяцыі з карамельным і шакаладным водарамі ў раёне кандытарскай фабрыкі «Спартак».
Часам аўтарам не хапае лексічнага запасу і вобразнасці для выражэння сваіх думак або пачуццяў. У выніку атрымліваюцца даволі дзіўныя радкі: «город Гомель открывает дороги, вся Европа забыта, а мы дарим новые истоки», «Гомель на закате покрывается вечерним светом», «< Гомель> всю Европу сразил, и никто не возразил», «вся эта красота, когда ночь наступает, бутики горят, а фонари всё освещают», «на твоих улицах праздничных, светлых, темных, осенью желтых, весной зеленых, зимой белых, летом солнечных» [4; 6].
У разгледжаных намі песнях практычна адсутнічаюць адсылкі да фальклорных матываў. За рэдкім выключэннем у іх не знайшлі свайго адлюстравання ні легенды традыцыйнага фальклору, ні сучасныя гарадскія легенды. Толькі ў двух песнях ёсць намёкі на самае вядомае народнае паданне аб паходжання назвы Гомеля. Прывядзём яго тут у поўным выглядзе: «Там, дзе цяпер стаіць Гомель, пасярэдзіне ракі Сож некалі было намыта шмат пяску. Каб плыты і баркі, што плылі па рацэ, не ўзбіліся на мель, на беразе каля гэтага месца заўсёды стаяў чалавек і крыкам папярэджваў: “Го! Мель! Го! Мель!” Вось і пайшло Гомель» [26]. У рэчытатыве 100Pudova ёсць фраза: «Любите окна в городе на мели» [1]. Яе сэнс для людзей незнаёмых з гомельскім паданнем выглядае цьмяным. Да таго ж выраз «(быть) на мели» у рускай мове мае значэнне: «Адчуваць патрэбу, нястачу грошай» [21]. Атрымліваецца, што словазлучэнне «город на мели» можа быць правільна зразуметы толькі тымі, хто ўключаны ў гомельскі кантэкст. Яно выступае як своеасаблівы пароль або апазнавальны знак для сваіх [25, с. 33, 35]. Намёк на гэта ж паданне маецца ў песні на верш С. Крупенькі: «Го-мель, Го-мель – рэха мінулых вякоў» [13; 17].
У песні С. Балахонава абыгрываецца сучасная легенда-жарт пра гомельскае метро – мару некалькіх пакаленняў гамяльчан аб уласным метрапалітэне. Тэкст песні быў напісаны ў 2012 г. спецыяльна для VI пленэру пясчанай скульптуры, які праводзілі студэнты-архітэктары БелДУТ пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка, кандыдата мастацтвазнаўства Я.Р. Малікава. Да гэтага на пленэры ў скульптурах з пяску увасабляліся міфалагічныя і рэальныя вобразы з гісторыі і культуры Гомельшчыны і Беларусі ў цэлым. Летам 2012 г. на пляжы ў в. Чонкі Гомельскага раёна была створана скульптурная выява электрацягніка, які выязджае з тунеля [30].

Яўген Малікаў за працай разам са студэнтамі (в. Чонкі, 2012 г.).
У рэфрэнам песні, напісанай на матыў «Маленькай краіны» расійскага кампазітара Ігара Нікалаева, гучыць:
Гомельскай метро, Гомельскай метро.
Хто мне раскажу, хто падкажа,
Дзе ж Яно, Дзе ж Яно? [7]

«Гомельскае метро» (в. Чонкі, 2012 г.)
У гэтай жа песні маецца адсылка і да гомельскіх гарадскіх легенд ХХ ст. пра падземныя хады, якія нібыта звязвалі палац Румянцавых-Паскевічаў з в. Якубоўка, будучы пракладзенымі пад Сожам [7].

Медальён з цмокам (драконам) як элемент помніка першаму гамяльчаніну (скульптар Вячаслаў Далгоў). Выява грунтуецца на археалагічнай знаходцы канца 1980-х гг. Фота: budzma.org
Беднасць фальклорных матываў у сучасных песнях пра Гомель выглядае неапраўданай. Традыцыйны і сучасны фальклор мог бы стаць сапраўднай залатой жылай для кожнага, хто ўзяўся б пісаць песні пра Гомель. Можна было б выкарыстоўваць летапісныя легенды пра радзімічаў і яго правадыра Радзіма, народную казку пра Івана Знайдзёна і шкляных гарах (вобраз героя гэтай казкі сучасныя даследчыкі звязваюць з радзімічамі) [20, с. 418; 34, с. 25-27], паданне пра волатаў [35, с. 467-469], гарадскія паданні пра цмокаў (драконаў) [30]. У рэшце рэшт, у песнях магла быць абыграна і вядомая прымаўка «А за Гомля Людзі ё?».

Выява цмокаў на фасадзе будынка канца XIX – пачатку ХХ ст. у цэнтры Гомеля (вул. Савецкая). Фота: budzma.org
Фрагмент выдання вольных мастакоў Гомеля «Аксамітны Жах» (сярэдзіна 1990-х гг.), на старонках якога культываваліся гарадскія легенды пра цмокаў (драконах).
Знайшлі сваё адлюстраванне ў прааналізаванай намі песеннай выбарцы і сучасныя рэаліі. Гомель паўстае ў іх, як «город витрин и проводов, < …> город машин и светлых домов» з «красотой разнообразной архитектуры – магазины, театры и ночные клубы» [14]. У песнях называюцца то рэальныя тралейбусныя маршруты, то спазненне на апошні аўтобус [1; 8]. Выказваецца шкадаванне, што ў Гомелі «няма трамвая і няма метро» [16]. Выяўляецца радасць за тое, што Гомель пастаянна разрастаецца і па-філасофску адзначаецца «колькі добрага тут, і колькі лішняга» [14; 16]. «Город, где можно любить и трудиться», – такая ёмкая пазітыўная характарыстыка даецца сучаснаму Гомелю ў песні на вершы А. Машкоўскай [9; 15]. Гэтая характарыстыка, як нам уяўляецца, магла б выкарыстоўвацца ў якасці аднаго з магчымых неафіцыйных гарадскіх слоганаў.

Умоўныя прыклады верагоднага выкарыстання слогана на аснове радкі з песні на верш Алены Машкоўскай. Слоган можна было б размяшчаць не толькі на сувенірнай прадукцыі, але і на біг-бордах.
У кампазіцыі Басі «Город Гомель» зроблена спроба стварыць карцінку сучаснай гарадской штодзённасці на аснове асабістага вопыту і назіранняў аўтара. Малюнак атрымаўся жывы, ён выклікае ўсмешку, але ў той жа час выглядае суб’ектыўным. Прывядзём характэрны фрагмент з гэтай песні:
Здесь водители катают на одной резине.
Здесь одни и те же люди у ларька и в магазине.
Бабушка в церковь с одной и той же корзиной.
Те же деды в домино под балконом квартиры.
Бригадир кричит: «Куда тащишь кирпич?» [8].
З гэтых радкоў нельга адназначна зразумець, што гаворка ідзе менавіта пра Гомель. Падобную замалёўку можна было зрабіць ледзьве не ў кожным горадзе Беларусі ці гарадах іншых былых савецкіх рэспублік (акрамя тых, дзе вызнаюць іслам). Дадзеная песня сваёй тэматыкай блізкая творам сучаснага гарадскога фальклору [38, с. 9].
У 1997 г. Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт зацвердзіў у якасці афіцыйнага геральдычнага сімвала герб з выявай рысі. З усіх песень, якія былі разгледжаны намі, гарадскі герб згадваецца толькі ў адной. «Наш город охраняет золотая рысь», – гаворыцца ў ёй [4] з відавочнай адсылкай да афіцыйнага апісання герба: «В лазуревом поле французского щита лежащая золотая рысь».

Герб г. Гомеля ўзору 1997 г.
Прычыны таго, што геральдычны сімвал горада застаўся за межамі ўвагі астатніх аўтараў прааналізаваных намі песень, могуць быць звязаныя з рознымі фактарамі. Магчыма, гэта ўплыў бесперапынных спрэчак гісторыкаў і краязнаўцаў пра тое, якім павінен быць гомельскі герб [27, с.156-157; 34, с. 93-94]. Да таго ж вобраз рысі даволі слаба прысутнічае ў гарадскім асяроддзі.

Скульптурныя выявы рысяў ў Гомелі ёсць, аднак іх недастаткова для фарміравання адметнай гарадской атмасферы.
У справе яго папулярызацыі можна было б запазычыць вопыт ўкраінскага горада Львова. Геральдычным сімвалам апошняга з’яўляецца леў. На працягу стагоддзяў вобраз льва знайшоў сваё ўвасабленне ў шматлікіх скульптурных выявах, устаноўленых у розных частках Львова.

Малы герб г. Львоў (Украіна).
Адна са шматлікіх скульптурных выяваў льва ў г. Львоў.
Скульптурныя выявы рысі ў розных раёнах нашага горада не толькі дадалі б папулярнасці гомельскаму геральдычнаму знаку, але і прыўнеслі б у гарадское асяроддзе дадатковы каларыт.
Такім чынам, у разгледжанай намі падборцы сучасных песень пра Гомелі, 1) у гістарычным аспекце пераважае тэматыка Вялікай Айчыннай вайны і эпохі Румянцава, 2) сярод згаданых геаграфічных аб’ектаў у лідарах гомельскі парк і рака Сож, 3) матывы традыцыйнага і гарадскога фальклору практычна адсутнічаюць , 4) сучасныя рэаліі жыцця горада адлюстраваны, аднак не ў дастатковай ступені.
Амаль ва ўсіх без выключэння песнях, якія разглядаліся намі, ёсць прызнанні ў любові да Гомеля. Пры гэтым самым распаўсюджаным тлумачэннем эмацыйнай прывязкі да горада называецца факт нараджэння і знаходжання тут у дзіцячыя і юнацкія гады. «Я люблю свой город, вся любовь к нему в нашем сердце. Ты же здесь родился, вырос ты на этом месте», «ты < Гомель> меня здесь родил и в игру посвятил», – гучыць у песні FiveWay «Это Гомель, детка!» [4].
Падобныя словы сустракаем у кампазіцыі Snakes «Гомель»: «Сколько лет бы ни прошло, но для нас нет роднее его… Мы родились и выросли здесь» [6]. Пералічыўшы мноства гарадскіх аб’ектаў (гл. пералік вышэй), А. Мельнікаў таксама прызнаецца: «Гэта горад Гомель. Я нарадзіўся ў ім… Усё гэта мой горад. Усё гэта ён» [16]. «И если бы судьба дала мне шанс опять родиться, то выбрала б я снова только город мой родной!» – гучыць у песні на вершы А. Машкоўскай [9; 15]. «Горад сэрцу адкрыты, змалку мне дарагі», – чуем у песні на верш С. Крупенькі [13; 17].
Сяргей Пархоменка, у сваёй адзінай песні, наўпрост прысвечанай Гомелю, не забывае прызнацца, што ён «оттуда родом» і далей ва ўласцівай яму манеры:
Я сделал в городе свой первый вздох и первый шаг,
И шум его каштанов по ночам стоит в моих ушах.
Здесь все однажды было в первый раз:
Первый класс, первый пасс, первая девчонка – помню как сейчас…
Я жизнь учил не по конспектам, на твоих проспектах
И я хочу сказать тебе респект! [19]
(Мімаходзь мусім заўважыць, што гомельскія матывы «прыхавана» прысутнічаюць у сюжэтах песень Сярогі ў яго першым альбоме «Мой двор: свадьбы и похороны» (2003), уключна і з тагачасным яго хітом «Чёрный бумер». Аднак тэксты выбудаваныя так, што відавочнай гомельскай канкрэтыкі (тапаніміка, якія-небудзь рэаліі) у іх знайсці нельга. Сяргей Пархоменка ад пачатку арыентаваўся на музычны рынак краін былога Савецкага Саюза, таму ў песнях гэтага альбома няма згадак ні пра Гомель у цэлым, ні пра мікрараён Валатава, дзе ён нарадзіўся і вырас. Між тым, фотасесія Сярогі, прымеркаваная да выхаду першага альбома, была зроблена ў Гомелі).

Сяргей Пархоменка (фрагмент буклета да альбома, 2003 г.).
Падобны матыў ёсць і ў песні Басі: расказваецца пра дзяцінства ў адным з раёнаў Гомеля, з гульнёй у «вайнушку» і гойсанні па яблыневым садзе («трясли яблоки в детском саду, а потом бежали от сторожа в малосемейку»), пра юнацтва і першае каханне – «мне не забыть ее внешность, как и города над Сожем, ведь я на Гомеле помешан» [8].
Прыведзеныя вытрымкі з тэкстаў песень падобныя між сабой тлумачэннем прычын любові да горада. Разам з тым яны вельмі моцна пераклікаюцца з вядомым выказваннем Францыска Скарыны аб сутнасці патрыятызму. Наш першадрукар і мысляр выказаў гэта ў прадмове да біблейскай кнігі «Юдзіф»: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, – тако же и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають» [37, с. 45].

Гравюра Францыска Скарыны да біблейскай кнігі «Юдзіф» (XVI ст.). Біблейскую гераіню Юдзіф беларускі першадрукар лічыў прыкладам адвагі і любові да сваёй Радзімы.
Варта заўважыць, што адзін з аўтараў (Крэнк) прызнаецца ў сваёй песні: «Я не родился тут, но это город мой, я чувствую это сердцем и душой» [14]. Тым самым ён сведчыць аб наяўнасці такой своеасаблівай з’явы як харызма горада (ці ў цэлым «genius loci» – «душа мясціны»), дзякуючы якой, любоўю да яго (гораду) пранікаюцца не толькі тутэйшыя ўраджэнцы, а і тыя, хто па якіх-небудзь прычынах пераехаў сюды. І гэта нядзіўна, бо «кожны чалавек, які апынаецца ў горадзе, адчувае ўздзеянні, якія, не ўспрымаючыся рацыянальна, афарбоўваюцца на эмацыйным узроўні» [38, с. 412].
Гомель натхняе. Дзяўчына пад псеўданімам INSTANTA ўзяла ў рукі гітару, каб праспяваць вядомую песню расійскага гурта Танцы Минус «Город», замяніўшы ў прыпеве ключавое слова на назву нашага роднага горада:
Гомель – сказка, Гомель – мечта,
Попадая в его сети, пропадаешь навсегда [5].
У астатнім жа тэкст арыгінала песні застаўся нязменным. Балазе, у ім змяшчаюцца толькі агульныя урбаністычныя вобразы без канкрэтыкі, якая паказвала б на які-небудзь пэўны горад. Таму ў «гомельскай» версіі гэтай песні абышлося без ляпсусаў накшталт тых, якія былі выяўленыя намі ў песні-пераробцы «Улочки Гомеля» В. Дарнапыха.
Кажучы пра любоў да Гомеля, рэпер 100Pudova запэўнівае: «Коробки из бетона наполню теплом… Под серым дождем или под снегами этот город напоит меня стихами» [1]. Атрымліваецца, што нават гарадское асяроддзе з атмасферай тыпавых забудоў у т.зв. «спальных раёнах» здольная выклікаць творчыя парывы. Прызнанні ў любові да Гомеля ў разгледжанай намі выбарцы песень маюць розны характар. У песні А. Мельнікава прызнанне філасафічнае: «Я хачу цябе любіць, Гомель. Я хачу з табою быць, Гомель. Зразумець цябе хачу, Гомель, і каб ты мяне разумеў і помніў» [16]. Гэта ўнутраны дыялог творчага чалавека, які разважае пра лёс роднага горада, чалавека, якому не ўсё адно, які след ён пакіне ў гісторыі горада.

«Непарадны» Гомель таксама можа натхняць: шматпавярховікі ў раёне вул. Юбілейнай (выгляд з боку Мельнікава Луга).
У песні FiveWay «Это Гомель, детка!» Прызнанне ў любові да Гомеля суправаджаецца некалькі дзіўнымі параўнаннямі: «город-конфетка», «ты моя кокетка, я тебя люблю и никому не подарю», «ты моя старлетка» [4]. Відаць, аўтара больш турбавала рыфма да слова «детка», чым сэнс падабраных ў выніку слоў.
Калі вобраз «города-конфетки» яшчэ можна спісаць на прыхаваную адсылку да кандытарскай фабрыкі «Спартак», то двум іншым вобразам яўнага тлумачэння не знаходзіцца. Застаецца загадкай, што меў на ўвазе FiveWay, называючы Гомель стралеткай. Бо стралетка – гэта альбо маладая актрыса, якая падае надзеі, альбо зноў-такі маладая актрыса, але такая, што абвінавачваецца ў імкненні дасягнуць славы любым спосабам [21].

У іншых песнях зазначаецца, што для гамяльчан родны горад даражэй золата, што «он нам послан судьбой», выказваецца ўпэўненасць, што любоў да Гомеля маюць ўсе гараджане [6; 14]. Рэпер Бася прызнаецца: «Это город Гомель – мой родной город, с ним одна дорога, он мне, как брат дорог», «И часто кажется – он смотрит на меня…, но глазами матери и не строгим отцом, а старшим братом, что еще помнит < меня> пацаном» [8]. Вобраз Гомеля-брата выглядае куды больш сімпатычна, чым згаданыя вышэй параўнання з цукеркай, какеткай, стралеткай. Мяркуем, што дадзены вобраз можна ўзяць на ўзбраенне для прапаганды гарадскога патрыятызму сярод гомельскай моладзі і іншых узроставых груп.
Песня праекта Рухавік рэпу «Гомель на сувязі» у свой час удзельнічаў у хіт-парадзе гомельскага радыё «Экспрэс» і нават увайшоў у зборку песень «Взлётная полоса» (2006). Ад іншых кампазіцый гомельскіх рэпераў, у разгледжанай намі выбарцы, гэтую адрознівае выкарыстанне беларускай мовы. У ёй утрымліваюцца прызнання ў любові да роднай мовы, вельмі своеасаблівыя па манеры падачы («на сябе паглядзі, а мяне не вучы, я чытаю на мове роднай зямлі») [18]. У той жа час прызнанняў у любові да самога Гомеля, як і пазнавальнага яго вобраз, у гэтай песні няма.
Гарадскі патрыятызм, які ўвасобіўся ў разгледжаных намі песнях, прымушае бачыць унікальнасць Гомеля і спараджае жаданне перадаць любоў да роднага горада будучым пакаленням: «Милый город, он мне родной, и не найти другой такой», «Этот город на другие не похож», «Город зеленый, город над Сожем, ни на какой на Земле непохожий», «Это наша красота, которой больше нету» [6; 14; 9; 15; 4], «внукам втолкуем и передадим эту любовь» [6]. Нават у лёгкай песні пра любоўныя перажыванні (Azazell «В Гомеле») лірычны герой даверліва звяртаецца да Гомеля: «Не потерять надежду, город мой» [3]. Будзем жа спадзявацца, што песень, прысвечаных нашаму роднаму гораду, з часам стане больш. Сярод чаканых песень і самая галоўная песня Гомеля – яго гімн.
Такім чынам, характар эмацыйнай прыхільнасці да горада і гарадской патрыятызм звязваюцца пераважна з асабовымі фактарамі – нараджэннем і першаснай сацыялізацыяй асобы ў Гомелі, любоў да горада часта проста канстатуецца без тлумачэння прычын.
У выніку крытычнага аналізу тэкстаў пятнаццаці песень гомельскай тэматыкі на прадмет наяўнасці ў іх стэрэатыпнага вобраза Гомеля абазначылася наступная карціна. У тэкстах большасці песень у той ці іншай ступені прысутнічае гістарычная тэматыка. Аднак пры гэтым пануючымі тэмамі з’яўляюцца перыяд Вялікай Айчыннай вайны і эпоха Румянцава, што можа тлумачацца найбольш актыўнай іх прапагандай мясцовымі сродкамі масавай інфармацыі, установамі культуры, навукі і адукацыі. Безумоўна, дадзеныя перыяды гісторыі нашага горада з’яўляюцца важнымі, заслугоўваюць увагі і павінны надалей заставацца аб’ектамі творчай рэфлексіі паэтаў і музыкаў. Але разам з тым нельга скідаць з рахункаў і іншыя гістарычныя эпохі.
Сярод згаданых у песнях геаграфічных аб’ектаў у лідарах гомельскі парк і рака Сож. Часта згадваюцца аб’екты альбо нейкія рэаліі звязаныя з цэнтральнай часткай горада. Толькі ў асобных выпадках робяцца спробы выйсці за рамкі, умоўна кажучы, гістарычнага цэнтра.
Матывы традыцыйнага і гарадскога фальклору ў песнях практычна адсутнічаюць. Спецыялістам, якія займаюцца вывучэннем дадзенага пласта культуры, неабходна больш папулярызаваць вынікі сваіх даследаванняў. Сучасныя рэаліі жыцця горада адлюстраваныя, аднак не ў дастатковай ступені і часцяком суб’ектыўна. У песнях мала адчуваецца пафас стваральнасці. Гомель расце, будуюцца новыя мікрараёны, і гэты працэс мог бы нейкім чынам быць адлюстраваны ў песенных творах.
У тэкстах песень у той ці іншай ступені выяўляецца і любоў да роднага горада. Для многіх аўтараў гэта тое, што не патрабуе дадатковых тлумачэнняў. Аднак нярэдка ў песнях маюцца разважанні аб прычынах эмацыйнай прыхільнасці да Гомеля. Дадзеная прыхільнасць, як і гарадскі патрыятызм увогуле, у шэрагу песень тлумачацца асабовымі фактарамі: з’яўленне на свет, станаўленне асобы і праходжанне першаснай сацыялізацыі асобы ў Гомелі.
1. 100pudova aka. ДобрыЗомбі. Про Гомель. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6
2. Awdiejew Alosza. Homel. [Электронны рэсурс]. – 5.09.2014 17:30. – Рэжым доступу: http://aloszaawdiejew.pl/pl/dyskografia/teksty-utworow
3. Azazell. В Гомеле. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6
4. FiveWay. Это Гомель, детка! [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6
5. INSTANTA. Гомель – сказка, Гомель – мечта. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6
6. Snakes. Гомель. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6
7. Балахонаў Сяргей. Гомельскае метро. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6
8. Бася. Город Гомель. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6
9. Василевская Юлия. Город Гомель. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6
10. Гомельский. Гомельский вальс. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:55. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_6 . Імя выканаўцы дадзена ўмоўна. Вызначыць рэальнае імя выканаўцы і аўтара тэксту песні нам не ўдалося.
11. Дарнопых В. Улочки Гомеля. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 23:00. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_7
12. Кричевский Гарик. Улочки Львова. [Электронны рэсурс]. – 19.09.2014 18:10. – Рэжым доступу: http://oldcassette.ru/text/ulochki-lvova.html
13. Крупенька Святаслаў. Песня аб Гомелі. [Электронны рэсурс]. – 19.09.2014 17:25. – Рэжым доступу: http://www.kritikyima.net/2014/06/blog-post_21.html
14. Крэнк. Мой город (Гомель). [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 23:00. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_7
15. Машковская Елена. Песня о Гомеле. [Электронны рэсурс]. – 16.09.2014 14:40. – Рэжым доступу: http://www.stihi.ru/2014/04/04/10528
16. Мельнікаў Андрэй. Гомель. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 23:00. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_7
17. Набокова Юлія. Гомель. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 23:00. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_7
18. Рухавік рэпу. Гомель на сувязі. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 23:00. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_7
19. Серега. Гомель сити. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 23:00. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-11869351_7
20. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько і інш. Мінск, 2004.
21. Большой толковый словарь русского языка. / Гл. ред. С. А. Кузнецов. Санкт-Петербург, 1998.
22. Виноградов Л. Гомель. Его прошлое и настоящее: 1142-1900 гг. / [Репринт. воспр. изд. 1900 г.] – Гомель, 2005.
23. Вот вам годная песня про родной город. [Электронны рэсурс]. – 20.09.2014 22:12. – Рэжым доступу: https://vk.com/wall-37182372_160145
24. Крытычная мапа. Гомель, 2013.
25. Культурология. Учеб. пособие. Под общ. Ред. С.В.Лапиной. Минск, 2003.
26. Легенды і паданні / Склад. М. Я. Грынблат і А. І. Гурскі. Мінск, 1983.
27. Макушников О.А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII в. Гомель, 2002.
28. Мельник Г.С. Стереотип, формирование стереотипов в процессе массовой коммуникации. Электронны рэсурс]. – 5.09.2014 15:20. – Рэжым доступу: http://psyfactor.org/lib/stereotype1.htm
29. Мигун Д.А. Обществоведение. Минск, 2009.
30. Новиков А. Гомельские студенты построили метро из песка // Советская Белоруссия. 2012. 31 июля.
31. Обществоведение: учеб. Пособие для 9-го кл. / М.И. Вишневский и др. Минск, 2009.
32. Определены 25 самых популярных в Интернете социальных сетей Беларуси // Биржевой лидер. 2014. 3 мая. [Электронны рэсурс]. – 4.09.2014 18:10. – Рэжым доступу: http://www.profi-forex.org/novosti-mira/novosti-sng/belarus-/entry1008209932.html
33. Памідораў і DJ Lexa: «Усе жадаюць Party!» [Электронны рэсурс]. – 13.09.2014 19:45. – Рэжым доступу: http://www.mpby.com/news-1372.htm
34. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Мінск, 1998. Кн. 1.
35. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Мінск, 1999. Кн. 2.
36. Парк имени Анатолия Васильевича Луначарского преобразован в ботанический памятник природы «Парк Гомельского дворцово-паркового ансамбля». [Электронны рэсурс]. – 12.09.2014 14:40. – Рэжым доступу: http://www.palacegomel.by/index.php?newsid=1241
37. Скарына Ф. Творы. Мінск, 1990.
38. Современный городской фольклор. Москва, 2003.
39. Ткачоў М. Гомельскі замак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 1996. Т.3.
40. Фрезинский Б. Еврейскому печальнику Илье Эренбургу – 120. По страницам литературных архивов // Лехаим. 2011. №2. [Электронны рэсурс]. – 6.09.2014 14:20. – Рэжым доступу: http://www.lechaim.ru/ARHIV/226/frez.htm
2014 г., асобныя праўкі і дапаўненні – 2015 г.