Спрытная вавёрка сваім танцам парвала залу вясковай дыскатэкі

Пальцы жоўтых кляновых лістоў вамі трызніць вавёрачка зноў

Вавёрка Ніна можа запаліць мільёны!

Нядзельная дыскатэка ў клубе вёскі Мажджаліна набыла нечаканы паварот. Залу завяла, а потым на шматкі парвала вавёрка Ніна, якая прыбегла на дыскатэчны агеньчык з бліжэйшага лесу.

Ніна стала так вытанцоўваць у рытмах сучаснай музыкі, што публіка не проста расступілася, але і затупілася ўвадначас. «Такой танцавальнай моцы, такога драйву, які паказала гэтая вавёрка, у нас яшчэ ніколі не было», – адзначыў адзін з заўсёднікаў мажджалінскіх дыскатэк Віталь Пончык.

Моладзь гадае і не можа разгадаць, у чым сіла вавёркі Ніны. Адны лічаць, што яна збегла з нейкай моднай танцавальнай студыі. Іншыя сцвярджаюць, што яна грызе нейкія «правільныя арэшкі, а не смокча піва пад кірыешкі».

Сама віноўніца падзеі збегла назад у лес, хаця і абяцала вярнуцца. Вясковы стваральнік клубнай музыкі DJ Mazdzaliniec у сваю чаргу абяцае прысвяціць вавёрцы Ніне свой новы мікс. Застаецца толькі цешыцца, што розумы юных мажджалінцаў паланіла вавёрачка, а не белачка. Многага варта.