
Дзяўчаты выпрабоўваюць сваё стралецкае шчасце
Пад дэвізам «Страляй, дзетка!» у вёсцы Мажджаліна Карэчыцкага раёна прайшло стралецкае спаборніцтва сярод ахвочых дзяўчат. Спаборніцтва ўключала ў сябе тры віды выпрабаванняў: стральба з дробнакалібернай вінтоўкі, стралянне вочкамі і выбіванне з каляіны суразмоўцаў падчас дэбатаў.
Свята прыйшло ў цёплай дружалюбнай атмасферы, не зважаючы на пэўныя кур’ёзныя інцыдэнты. Так у лік удзельніц спрабавала запісацца 92-гадовая мажджалінка Брачыслава Ампіраўна Барарудзянская, матывуючы гэта тым, што «спраўная дзеўка і ў сто гадоў страляць павінна». Журы дазволіла ёй выступіць па-за праграмай – у якасці ганаровай госці баба Брачыслава адкрыла спаборніцтва, выбіўшы 100 ачкоў у стральбе па роставай мішэні з пісталета Макарава.
Другім кур’ёзам стала спроба хлапца Х.З. з вёскі Чорны Лес выдаць сябе за дзяўчыну. Ён настолькі добра выконваў ролю дзяўчыны на этапе страляння вочкамі, ажно адзін з раённых экспертаў апасля доўга не мог паверыць, што перад ім хлапец, а не дзевачка-прыпевачка. Абодвума зараз шчыльна займаецца сацыяльна-псіхалагічная служба на ўзроўні раёну.
Ну, а бясспрэчнай пераможцай у спаборніцтве стала 19-цігадовая жыхарка вёскі Мажджаліна Аліна Чарэшня-Скараспелая. З дробнакалібернай вінтоўкі яна выбіла 150 ачкоў пры мажлівым максімуме 50. Лішнюю сотню яна здабыла, перайшоўшы ў штыкавую атаку на мішэнь, хаця штыка на вінтоўцы і не мела. Вочкамі яна расстраляла ўсё журы (за выключэннем памянёнага раённага эксперта) і працягвала страляніну на мірных разявакаў, што сачылі за конкурснай праграмай.
З каляіны Аліна выбіла ўсіх канкурсантак, прадэманстраваўшы высокі барочны стыль сваёй мовы, поўную адсутнасць татуіровак і наяўнасць у яе руках жабы (байцовай – рэд.), якая скочыла ў каляіну замест іншых канкурсантак. Пераможца ўзнагароджана зусім сакрэтным каштоўным падарункам і дысконтнай карткай маждалінскага сельпо. Жабе (байцовай – рэд.) у якасці заахвочання ўручылі адрас прынца, каб тая перастала сядзець у каляіне і перашкаджаць наступным святам.
Застаецца толькі цешыцца, што стралецкія традыцыі сярод вясковых дзяўчат жывуць і крэпнуць.