
У Сідара Іванавіча са смайлікам усё склалася абсалютна інакш
70-цігадовы жыхар вёскі Мажджаліна Сідар Іванавіч Карнавальчанка, які ўпершыню зарэгістраваўся ў адной з сацыяльных сетак, стаў ахвярай смайліка. Смайлік-пацалунак з прыватнага паведамлення стаў пераследаваць Сідара Іванавіча па ўсім інтэрнэце.
«Я вабшчэ не панімаю, што в обшчам і цэлам прайзашло. Но ета смяшная рожыца з губкамі надзьмутымі для пацалуйчыка стала з’яўляцца перада мной паўсюды. На які сайт ні прыйду, а яна ўжо там. І ўлыбаецца так яхідна, што хацелася стукнуць па кампуцеру сапагом, кеб усё, наканец-то, закончылася», – пракаментаваў свае злыбеды нявопытны інтэрнаўт Карнавальчанка.
Зрэшты, ён змаўчаў пра тое, як сёння ў абед смайлік невядомым чынам вылез з манітору і ганяўся за Сідарам Іванавічам спачатку па хаце, а потым і па вёсцы. Мэта гэтых гонак таксама застаецца невядомай. Вясковец быў вымушаны да вечара хавацца ў каморцы пры вадакачцы і нервова курыць у яе цёмным кутку самакруткі.
Паводле словаў відавочцаў смайлік адстаў, а потым знік у раёне ручая Шмыга, дзе густа растуць анюціны вочкі. Ці будзе ён і далей тэрарызаваць Сідара Іванавіча, сказаць цяжка. Пераначуем – болей пачуем. Застаецца толькі цешыцца, што ночы робяцца ўсё больш даўжэйшымі.