Шырэй выкарыстоўваць глаголіцу заклікае вясковы настаўнік

Шырэй выкарыстоўваць глаголіцу заклікае вясковы настаўнік

Здымак, які ў Вікіпедыі фігуруе як харвацкі, насамрэч быў зроблены ў Мажджаліне

У вёсцы Мажджаліна паставілі новыя дарожныя ўказальнікі. На іх кірылічныя надпісы дублююцца беларускай лацінкай. Апошняе выклікала цэлы шквал абмеркаванняў сярод вяскоўцаў.

Многія ўспрынялі гэта як адкат пад польскі ўплыў. Некаторыя сцвярджаюць, што на “нярускія” надпісы на ўказальніках цяжка расчытаць без падрыхтоўкі. Спасылаюцца на цыганскі табар, які не разабраўся ў лацінкавых “закаручках”, і быў перакананы, што прывандраваў у Чэхію. Моладзь збольшага кажа, што “Maždžalina” – гэта прыкольна.

Настаўнік гісторыі Юрась Неспакойны лічыць, што ўсім патрэбна дадатковая асвета і трэніроўка памяці. Дзеля гэтага ён прапануе дубляваць надпісы яшчэ і з дапамогай глаголічнае азбукі. «Галоўнае, каб свайму люду карысць была, а іншаземец як-небудзь разбярэцца ўжо, калі ў наш край завітаць пажадаў», – адкаментаваў педагог.