
Убачыўшы касцяк смяшарыка, прафесар не даў веры сваім вачам і стаў тэлефанаваць на гарачую лінію ОНТ
Археалагічная экспедыцыя на чале з прафесарам Язэпам Базылёвым зрабіла сенсацыйнае адкрыццё у часе раскопак каля вёскі Мажджаліна.
У кургане ІХ ст., быў выяўлены шкілет смяшарыка. “Смяшарык быў пахаваны паводле абраду трупапалажэння. Касцяк арыентаваны галавою на ўсход. Вакол яго былі размешчаны рытуальныя рэчы і прылады працы. Мы пакуль не ведаем, пра які канкрэтна смяшарык ідзе гаворка, але багаты пахавальны інвентар сведчаць, што ён займаў даволі высокае становішча ў тагачасным грамадстве”, – пракаментаваў прафесар Базылёў.
Настаўнік гісторыі мажджалінскай школы Юрась Неспакойны, які разам са сваімі вучнямі бярэ прыкметны ўдзел у раскопках, заяўляе, што нічога дзіўнага ў знаходцы няма. “Разумееце, – упэўнена кажа ён, – гэта знаходка толькі пацвярджае наш старажытны фальклор. Мяне даўно здзіўляла прыказка: “Быў смешным – хаваўся пад алешынай, як даіржаўся – пад курганом застаўся”. Гэта ж яўна пра смяшарыка”.
Навукоўцы не спяшаюцца каментаваць версію настаўніка. Навукоўцы займаюцца навукай. Вяскоўцы ж радуюцца знаходцы. Адно бядуюць, што шкілет смяшарыка археолагі нікому не паказваюць. “А жаль, мы б яго быстра апрэдзілілі”, – заўважыў механізатар Клім Кавальчык. Мы яму, канечне, паверылі.