Святкаванні з нагоды Дня настаўніка абярнуліся ў вёсцы Мажджаліна шэрагам неверагодных інцыдэнтаў. 30 верасня на школьным падворку адкрыўся спецыяльны фантан для настаўнікаў. Але ніхто з педагогаў, хто меў ахвоту паплёскацца ў ім, так і не здолеў гэтага зрабіць. У фантане ад самага пачатку віднеліся плаўнікі акулаў, і аднекуль гучала музыка з фільма “Сківіцы”. У ноч на 1 кастрычніка адтуль усплыла падводная лодка і стаяла на рэйдзе аж да раніцы 3 кастрычніка.
Апошні факт вельмі засмуціў педагогаў, што завіталі ў вёску наўмысна дзеля фантана. Госці з сузор’я Стральца ўвогуле палічылі наяўнасць субмарыны пагрозай для сябе і паспрабавалі атакаваць яе з дапамогай лазерных указак. Падводная лодка адказала ракетным ударам, які паглынула чорная дзірка, якая ўтварылася ў ружовым тумане (ці туманнасці), што з 27 верасня пакрывае сабой усю вёску.

Настаўнік грамадазнаўства з сузор’я Стральца пераконвае беларускіх калегаў у перавагах асобаснаарыентаванага навучання
Байцы АМАПу хацелі заклікаць далёкіх гасцей да парадку, але так і не знайшлі іх за гушчай туману (ці туманнасці). Паводле неправераных звестак “стральцы” выбраліся з вёскі і адзначалі прафесійнае свята на хутары, дзе жыве настаўнік гісторыі Юрась Неспакойны, за няхітрым абменам вопытам пад немудрагелістую закусь.

Абмен педагагічным вопытам у нефармальных умовах беларускага хутара
Тым часам маладыя спецыялісткі Дар’я Сумбурская, Лэйла Акцябская і Аліна Папалава, збіраючыся святкаваць Дзень настаўніка ў інтэрнаце, вырашылі прыгатаваць салат “Аліўе”. Аднак салат не толькі адмовіўся гатавацца, але яшчэ і ўчыніў супраціўленне. Дзяўчатам давялося абараняцца доўгімі нажамі і электрашокерам, замаскіраваным пад запальнічку. Толькі пасля гэтага “Аліўе” мусіў здацца. Крыніцы вартыя даверу паведамляюць, што салат атрымаўся смачным. Мы хацелі адправіць да маладых спецыялістак нашага эксперта, але перадумалі.

Маладыя спецыялісткі пасля падаўлення супраціву з боку “Аліўе”
Застаецца толькі цешыцца, што ўсе названыя інцыдэнты ўключна з туманам (ці туманнасцю) не перашкодзілі мажджалінскаму дыджэю Грышку Савасцеву (ён жа DJ Mazdzaliniec) прэзентаваць 2 кастрычніка ў вясковым клубе абяцаны танцавальны мікс, прысвечаны спрытнай вавёрцы Ніне. Пад яго танчылі і маладыя, і старыя, і байцы АМАПу, і тое ружовае покрыва, што абхінула нашу вёску. DJ Mazdzaliniec ласкава пагадзіўся змясціць свой твор на нашым сайце. Прыемнага слухання!
Спампаваць: DJ Mazdzaliniec – Вавёрка Ніна