
Сучасны літаратурны працэс адзначаны падзеямі, якія істотным чынам трансфармавалі сацыякультурную рэальнасць. Гаворка ідзе аб фармаванні і распаўсюджванні адмысловага тыпу настрою думак і светаадчування. Усё гэта канцэптуалізавалася ў шэрагу літаратуразнаўчых, філасофскіх, сацыялагічных і культуралагічных тэорый і атрымала шырокую вядомасць пад агульнай назвай «постмадэрнізм». Літаратура постмадэрнізму з’яўляецца найбольш цікавай і незвычайнай для вывучэння і даследавання, тут ніякай ролі не адыгрывае мова напісання твора. Постмадэрнізм ў беларускім тлумачальным слоўніку паходзіць ад слоў post – пасля + modern – сучасны і вызначаецца як мастацкі стыль і спосаб светаўспрымання, паводзін людзей у другой палове 20 стагоддзя [4, c. 365].
Постмадэрнісцкай імянуецца літаратура, якая прыйшла на змену ўласна мадэрнісцкай прыкладна на мяжы 1960–1970-х гг. і для якой 226 уласцівы аб’яднанне ў межах аднаго твора вобразаў, матываў і мастацкіх сродкаў розных гістарычных эпох, рэгіёнаў і субкультур; алегарычнасць, своеасаблівая «цытатнасць», часам гратэскнасць, незвычайнасць форм. Постмадэрнізм адмовіўся ад рацыяналістычнага падыходу, ад усякіх ацэнак, абмежаванняў, рэгламенту, упарадкаванасці, нормаў, каштоўнаснай іерархіі. Наадварот, аўтары-постмадэрністы схільны да эксперыментаў, спроб, адкрыццяў у літаратуры, яны знаходзяцца ў пошуках новых, дасюль невядомых і нявыкарыстаных сродкаў і спосабаў перадачы падзей і разгортвання адносін паміж героямі, імкнуцца захапіць, заінтрыгаваць, уразіць чытача, карыстаючыся шматлікімі мастацкімі прыёмамі і эксперыментамі [2, c. 161].
Лічыцца, што постмадэрнізм – гэта вельмі спецыфічнае ўспрыманне свету як тэксту. Пісьменнік скіроўвае ўвагу на літаратурную спадчыну, звяртаецца да яе як да крыніцы сюжэтаў, вобразаў, матываў. Гэта перапляценне ў межах аднаго твора «высокіх» і «нізкіх» жанраў. У адным постмадэрнісцкім рамане, напрыклад, могуць прысутнічаць элементы рамана гістарычнага, дэтэктыўнага, псіхалагічнага, філасофскага, а таксама навуковага трактата, эсэ і інш., у выніку чаго аказваюцца спалучанымі займальнасць і інтэлектуальнасць. Пісьменнік-постмадэрніст звяртаецца, і асабліва часта ў прозе, да такіх жанраў, якія традыцыйна лічацца негалоўнымі, перыферыйнымі (эсэ, трактат, рэцэнзія, слоўнік і інш.) [5, c. 128].
Надзвычай цікавай з’явай гэтага накірунку ў літаратуры з’яўляецца мастацкі эксперымент, які можна разглядаць на прыкладзе раманаў Джона Фаульза «Жанчына французскага лейтэнанта», Хуліа Картасара «Гульня ў класікі», а таксама Сяргея Балахонава «Імя Грушы.» Усе тры творы з’яўляюцца безумоўным адлюстраваннем сучаснага літаратурнага працэсу ў сусветнай літаратуры.

Джон Фаульз у «Жанчыне французскага лейтэнанта» выступае дасканалым аналітыкам і добрым псіхолагам, патрабуе ад чытача разважання і канчатковы выбар канца гісторыі. Пры гэтым аўтар увесь час узаемадзейнічае з чытачом, забяспечвае яго неабходнымі матэрыяламі, падштурхоўвае да вывадаў. Аўтар увесь час як бы прысутнічае і разам з тым адсутнічае ў творы, бо ягоны чытач вельмі самастойны, складае сваё ўражанне асобна. І таксама нельга не ўбачыць смелае выкарыстанне інтэртэкстуальнасці, гульні з тэкстам, іроніі і іншых постмадэнісцскіх асаблівасцей [3, c. 15].
Твор Сяргея Балахонава «Імя Грушы» таксама не можа пакінуць кагосьці абыякавым. Раман спалучае рысы сапраўднага дэтэктыва, любоўнай меладрамы, гістарычнай хронікі з невыпадкова сучаснымі алюзіямі. Якаснае і сэнсавае адрозненне ўсіх частак стварае атмасферу нявырашанасці і дае магчымасць паразважаць наконт праўдзівасці і шчырасці кожнай з гераінь. Тут яскрава бачны полістылёвасць, адмаўленне жанравай нарматыўнасці, варыятыўнасць сюжэту, шматузроўневасць арганізацыі твора [1, c. 7].

У цэнтры ўвагі аўтара «Гульні ў класікі» (1963) – сучасныя сацыяльныя, псіхалагічныя, маральныя праблемы. Гаворка вядзецца пра стаўленне да свету і іншых людзей, да ўлады, пра самастойнасць і волю, пра эгаізм і абавязак, дабрыню і каханне. Раман адрознівае новая, незвычайная манера напісання, калейдаскапічнасць падзей, змешванне стыляў, ускладненыя алюзіі, шматузроўневая сімволіка, і ўсё гэта праймае эксперыментатарскі і гульнёвы дух – бясконцая фантазія аўтара адкрывае абшар для ўяўлення і думкі скурпулёзнага чытача, які робіцца сапраўдным удзельнікам акту творчасці. Пісьменнік гуляе са словамі, выявамі, віртуозна выкарыстоўвае пародыю, парабалу, парадокс. Жыццё яго герояў працякае ў чыста «картасараўскай» інтэлектуальнай прасторы – гэта група блізкіх па духу і складу думак людзей, якія імкнуцца сваім паўсядзённым існаваннем аспрэчваць існуючы светапогляд з яго ўмоўнасцямі і стандартамі, правіламі і законамі [6, c. 3].
Раман адрозніваецца незвычайнай структурай. Паводле прадмовы, пакінутай самім пісьменнікам, у кнізе складаецца адразу «шмат кніг», аднак, прынамсі, Картасар прапануе дзве тэхнікі чытання: звычайную, у якую ўваходзяць усе першыя главы рамана і ў якіх завяршаецца асноўны сюжэт, і чытанне па адмысловай аўтарская схеме, паводле якой главы пераблытаны і падзеі паўстаюць зусім у іншым выглядзе. Аднак фабулы, як такавой, у рамане няма, парушана часавая паслядоўнасць апавядання, адсутнічаюць сюжэтныя сувязі фрагментаў, магчымасць шматлікіх фіналаў. Мільгаюць сталыя для Картасара тэмы – час, смерць, выпадковасць, дзяцінства, раздвойванне асобы, музыка [7 c. 3].

Каб прабіцца праз перапляценне дзеянняў, зразумець задумку аўтара, зразумець філасофскі сэнс і лірычны падтэкст твора, дапытліваму чытачу прапануецца адмысловы код, вызначаныя правілы гульні, складаны парадак чытання рамана. У гэтым ракурсе раскрываецца асноўны канфлікт – духоўная незадаволенасць героя, яго рашучае непрыманне грамадства, у якім давялося жыць, пошукі сэнсу свайго існавання. Фінал таксама застаецца неадназначны і супрацьлеглы, і таму чытач сам павінен вырашыць, як успрымаць канчатковыя главы.
Такім чынам, усе тры раманы спалучаюць у сабе мастацкі эксперымент і адносяцца да сучаснай літаратуры постмадэрнізму, нягледзячы на розныя гады напісання. «Жанчына французскага лейтэнанта», «Імя Грушы», «Гульня ў класікі» з’яўляюцца трыма ўдалымі эксперыментамі трох таленавітых прадстаўнікоў нацыянальных літаратур (беларускай, англійскай і іспанскай адпаведна). Аналіз гэтых твораў дае магчымасць даведацца пра асноўныя рысы сучаснага літаратурнага працэсу і больш дакладна зразумець аўтараў сучаснасці.
Літаратура
1. Балахонаў С. А. Імя грушы: раман, апавяданні / Сяргей Балахонаў. – Мінск, 2005 – С.10 – 136
2. Ильин И. Постмодернизм от осколков до конца столетия. – Москва, 1998 – С.275.
3. Микеладзе Н. Э. Женщина французского лейтенанта (история написания) // Энциклопедия мировой литературы. – СПб.: Невская книга,
2000. – C.174.
4. Постмодернизм. Энциклопедия. – Минск: Интерпрессервис; Книжный Дом, 2001. – 1040 с.
5. Эпштейн М. Постмодернизм в России: Литература и теория / Эпштейн. –М. – Москва, 2000 – С.450.
6. [Электронный ресурс]. Режим доступа: www.cortazar.ru
7. [Электронный ресурс]. Режим доступа: lib.ru/INPROZ/KORTASAR
Крыніца: Рыжанкова Маргарыта Сяргееўна. Мастацкі эксперымент у літаратуры постмадэрнізму // Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання : матэрыялы II Рэсп. навук.-практ. канф. маладых вучоных, Мінск, 22 сак. 2013 г. / адк. рэд. : П. І. Навойчык; Беларус. дзярж. ун-т. – Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2013. – C. 225–228.