
Колькі ні спрабавалі ўставіць сюды фота бабулі Брачыславы Ампіраўны Барарудзянскай, увесь час тут выскоквае гэты вось здымак. Цуд, дый годзе.
Дзівосы з замежнікамі працягваюцца. Як паведамляюць «Белорусские новости», уначы 26 чэрвеня ў пункце пропуску «Церуха» (Гомельскі раён) памежным нарадам ў ходзе догляду цягніка Мінск–Кіеў у туалеце быў затрыманы грамадзянін Расіі 1983 года нараджэння.
Паведамляецца, што расіец спрабаваў незаконна перасекчы беларуска-украінскую мяжу без дакументаў. Спачатку ён растлумачыў, што непрыкметна сеў у цягнік на чыгуначным вакзале Гомеля з мэтай выезду на тэрыторыю Украіны. Памежнікі высветлілі, што ў Расійскай Федэрацыі гэты грамадзянін лічыцца асобай зніклай без ведама.
З наступных жа паказанняў расійца вынікае, што ў гэтай гісторыі не абышлося без мажджалінскага следу. Затрыманы запэўнівае, што ва ўсім вінавата 92-гадовая жыхарка вёскі Мажджаліна Брачыслава Ампіраўна Барарудзянская, у якой ён «в лихие девяностые» краў з саду яблыкі і іншыя забароненыя плады.
Тады ён гасцяваў у Мажджаліне, прыехаўшы да сяброўкі па перапісцы (зараз замужам за ўругвайцам). Паводле яго словаў, Брачыслава Ампіраўна дужа ўзлавалася на крадзеж садавіны і на тое, што нязваны госць наклаў пад яблыняй кучу. Нібыта за гэта, яна яго выкляла, пакараўшы на сорак гадоў незвычайнай тэлепартацыйнай хваробай. З таго часу расіец не можа спакойна наведаць прыбіральню, бо невядомая сіла яго адразу пераносіць у іншы рэгіён планеты, дзе ён мусіць тлумачыць, якім чынам ён туды трапіў.
Міліцыя да яго словаў паставілася скептычна, але на ўсялякі выпадак выдала бедаку «вутку».
Брачыслава Ампіраўна Барарудзянская адмаўляецца даваць якія-небудзь каментары. Застаецца толькі цешыцца, што бабуля з любові да мастацтва не накінула праклён на журналіста нашага сайту.