Прынцэса і пояс шахіда / rap, lo-fi


Just do it. Вазьмі й пасмакчы
Праз трубачку зелле махіта.
McFlurry, і два смаркачы –
Прынцэса і гопнік набіты –
Гуляюць адчайна ў любоў.
Ну, кшталту «Love is…» і ўсе справы.
Спляліся іх ручанькі, бо
Раскідвае вецер зухавы.
Гранат і з арэхам «Roshen».
Ва ўсім падыход аднабокі.
Odessa Night Drift так пячэ,
Што з шортаў выскокваюць кокі.
На вуліцах пальмы й вайна,
Што дрэмле пад шэпат змяіны.
Ды лашчыць прынцэса ўюна
За шклом душавое кабіны.
Дажджом на Паўночны дыстрыкт
Пяшчота яе ападае.
iPhone цішыню абвастрыў,
карцінка ў люстэрку пустая
любові наскрозь паказной –
абдымкі, цалункі, мульцяшкі,
ружовыя соплі і гной.
Бельгійскіх цукерак не цяжкі,
Але і не лёгкі пасыл.
Трава. КВН з баскетболам.
Гляджу ў мікраскоп, што ёсць сіл.
Любілася хай бы ўсё колам!
І ночы, і ранкі, і дні!
Дэльфінчыкі, стэйкі, махіта!
Калі б, як раней, я не сніў
Прынцэсу і пояс шахіда…

кастрычнік 2013 г.

Заўвага: скарыстаны мінус Diamond Beats [db] “Blood Money” (2013) з сайта вольнай музыкі jamendo.com