Правілы гульні / rap, lo-fi


Спяць і зайкі, і стрыжы.
Ты ж забрыў у сон чужы.
Паміж Стыксам і Арэсай
Пра нявесту, пра прынцэсу
Шэпчаш ты пад покрык птушкі.
Я скажу табе, як Пушкін.

Ёсць высокая гара,
У ёй глыбокая нара.
Цемра ў той нары трывае.
Ў цемры той – труна шкляная
Між слупоў на ланцугах,
І не дойдзеш па слядах
Да таго пустога месца,
Ў той труне твая нявеста.

Ты бяжыш праз сіні лес.
Ты не верыш, што залез
У мой сон без дай прычыны.
Нарастае спеў ваўчыны.
Гэта я тут гаспадару:
Наганю свінцовых хмараў,
Напушчу дажджоў кіслотных –
Твае косткі страцяць цноту.
Хлопча, досыць мітусні,
Бо ўсе правілы гульні
Я адзін тут вызначаю.
Пакаштуй з атрутай чаю.

Ёсць высокая гара,
У ёй глыбокая нара.
Цемра ў той нары трывае.
Ў цемры той – труна шкляная
Між слупоў на ланцугах,
І не дойдзеш па слядах
Да таго пустога месца,
Ў той труне твая нявеста.

Паміж Стыксам і Арэсай
Пра нявесту, пра прынцэсу
Шэпчаш ты пад покрык птушкі.
Балахонаў я, не Пушкін…

Ты залез у мой сон!

2014 г.

Заўвага: скарыстаны трэк Ганджу “Правила игры”. vk.com/glitchheart
Фота: PatriciaD