Без пяці хвілін адзінаццацікласнікі Саня Бабун і Таня Гарун з вёскі Мажджаліна Карэчыцкага раёну пайшлі на адчайны эксперымент. Гэта юная пара вырашыла застыць у зручных для сябе медытацыйных позах на беразе Курчына азярца і глядзець адно ў водную гладзь.

Саня і Таня: дзеянне ў бяздзеянні
Мяркуецца, што прабудуць яны так да 31 жніўня гэтага года, бо ўсё ж збіраюцца пайсці ў школу. Першыя суткі эксперыменту прайшлі ўдала. Нягледзячы на моцны дождж, хлопец з дзяўчынай не зрушылі са сваіх месцаў. Не перашкодзіла ім і маланка, якая ўдарыла проста ў ваду азярца. Саня і Таня лічаць, што так яны дасягнуць прасвятлення не горшага, чым у індыйскіх ёгаў.
Вяскоўцы ў цэлым не супраць эксперыменту. Праўда, асобныя мажджалінскія сабакі ўсё наровяць падняць нагу акурат каля Сані і Тані.
Між іншым, гэта не першы супольны праект Бабуна і Гарун. Летась яны спрабавалі зладзіць перформанс «Ліпеньскія ночы на сенавале», але пасля першай жа ночы бацькі забаранілі. На знак пратэсту Таня паклала сабе на ключыцу распаленыя нажніцы, а Саня з’ехаў у Гомель карміць мамчынымі блінамі лебядзей у паркавай сажалцы. Застаецца толькі цешыцца, што гэтым разам бацькі раз’ехаліся па курортах і не сталі спыняць духоўна-творчыя пошукі сваіх дзяцей.