Плыты пад дваццаць дзве планіцы… / песня пра Гомель / mp3


Плыты пад дваццаць дзве планіцы…
Плыты пад дваццаць дзве планіцы
Кастусь да Гомеля сплаўляў.
Тралёўшчык кожын у піўніцы
яго з пачцівасцю вітаў.

Па Сожу хваля зіхаткая.
Крушэўскі спуск у ценю дрэў.
З карчомкі музыка іграе –
наш Кастусёк заводзіць спеў:

“За ўвесь Гомель не скажу адразу,
Гомель разнастайным быў здавён.
Толькі Слабадзе й Дзядну з „Каўказам“
даспадобы Костусь плытагон”.

Рыбачка Зося раз у траўні,
прыстаўшы з лодкаю на рум,
сказала: “Пан усім тут знаны,
а я не ўцямлю, скуль той тлум”.

Кастусь, збянтэжаны праявай,
„Братамі Коген“ казырнуў,
дзяўчо дзівачкаю цікавай
назваў і звыкла зацягнуў:

“За ўвесь Гомель не скажу адразу,
Гомель разнастайным быў здавён.
Толькі Слабадзе й Дзядну з „Каўказам“
даспадобы Костусь плытагон”.

На Аляксандраўскай каштаны.
У хвоях Гогалеўскі сад.
“Кастусь наш, пэўна, закаханы”, –
шумела прыстань наўздагад.

І ад нядзелі да нядзелі
пра гэта плытнікі гулі,
ўсёй грамадою на вяселле
ў рыпучых ботах папрыйшлі.

За ўвесь Гомель не скажу адразу,
Гомель разнастайным быў здавён.
Дзень і ноч гулялі ўсім „Каўказам“,
як жаніўся Костусь плытагон.

ЗАЎВАГІ
1. Планіца (або пляніца) – ½ плыта (паводле Е. Раманава).
2. Тралёўшчык – той, хто працуе на тралёўцы лесу, г.зн. займаецца дастаўкай нарыхтаванай драўніны да месца пагрузкі.
3. Кожын (або кожан) – народная форма прыметніка “кожны”.
4. Крушэўскі спуск, Слабада (або Спасава Слабада, Спасаўка), Дзядно, „Каўказ“ – мясцовасці старога Гомеля, так ці інакш прылеглыя да р. Сож ці яго затокаў.
5. Плытагон, плытнік – сплаўшчык лесу.
6. Рум – прыстань, куды звозіцца і нарыхтоўваецца да вясны сплаўны лес.
7. “Браты Коген” – кіеўская тытунёвая фірма, прадукцыя якой была вядома і ў Гомелі пачатку ХХ ст.
8. Аляксандраўская – гомельская вуліца, знаная ў пачатку ХХ ст. каштанавай алеяй.
9. Гогалеўскі сад (або Гогалеўскі бульвар) – сквер, зладжаны ў пачатку ХХ ст. на месцы недагледжанай пляцоўкі за будынкам гомельскай гарадской думы, быў засаджаны, па сведчаннях краязнаўцаў, пераважна хваёвымі дрэвамі.
10. Папрыйшлі – папрыходзілі; у форме “папрышлі” сустракаецца ў народнай песні вясельнага абраду: “Старынькіх кабылка вязла, // Маленькіх матушка нясла, // Серэдовыя самі папрышлі. // Каторыя тры дні пад лаўкай валяліся, // На ету свадзебку спадзяваліся”.

Заўвага: тэкст можа (і павінен!) выконвацца на матыў песні кампазітара Мікіты Багаслоўскага “Шаланды, полные кефали”

Фота: з архіва Аляксандра Ласіцы