
З гэтай мімішнай штучкай нам давялося развітацца дзеля эксперыменту братоў Пшаздзецкіх
Анамальная спёка прымушае не толькі плавіцца тэрмометры, але і штурхае дасціпны беларускі люд на нестандартныя праекты. Так, у вёсцы Мажджаліна Карэчыцкага раёна Гомельскай вобласці браты Казік і Юзік Пшаздзецкія вырашылі аднавіць плавільную справу.
На месцы пракаветнай выплаўкі жалеза з балотных руд у вёсцы ствараецца плавільны цэх тэрмометраў. Вяскоўцы не да канца пэўныя ў сваіх разліках, але мяркуюць, што сквар у +35 градусаў Цэльсія ёсць спрыяльнай глебай для эксперыментаў з тэрмометрамі.
“Яны і так плавяцца пад промнямі сонца, вісючы кожны на сваёй хаце. А мы хочам, каб яны плавіліся ў спецыяльна адведзеным пад гэта месцы”, – пракаментаваў спадар Казік. Браты-эксперыментатары лічаць, што ад цэнтралізаванага плаўлення тэрмометраў можа быць станоўчы народна-гаспадарчы эфект. Што за ён, Пшаздзецкія пакуль не каментуюць. “Хай гэта будзе сюрпрызам”, – інтрыгоўна заявіў спадар Юзік, забіраючы тэрмометр з веранды нашай рэдакцыі.
Што ж? Пажывем пабачым! Калі, канечне, заўтра не забудзем пра задуму прадпрымальных братоў. Ад гэтай спёкі нават тэхніка не вытрымлівае. А што ўжо казаць пра асобных вясковых журналістаў!