
Ёда: «Ніяк Мажджаліну не наведаў ты…»
Жыхар вёскі Мажджаліна Сямён Ліпеньскі, атрымаўшы ад невядомага ўдар пустым мяшком па галаве, стаў размаўляць наадварот.
Раптоўная немач ужо ўступіла ў другую стадыю. Калі спачатку маўленне вяскоўца нагадвала маўленне спадара Ёды (“На піва мне дзясятку пазыч”), то цяпер усе словы ён вымаўляе чыста ў зваротным парадку. Гэта нагадвае аўдыёзапіс, які пракручваецца з канца ў пачатак. Мы звярнуліся да спадара Сямёна па каментар. “Ыцполх, еадев огя рех а. Лахосареп елрог ў от а, автсракял ан шпел ецйад”, – зазначыў ён, і нам давялося скідвацца яму на медыкаменты.
Некаторыя з аднавяскоўцаў лічаць, што Ліпеньскі прыдурваецца, каб выклікаць шкадаванне і атрымаць спонсарскую дапамогу. Ёсць і тыя, хто бачыць падабенства з старажытнай мовай племені андрафагаў, што ўпамінаецца ў Герадота, а ў найноўшай гісторыі Мажджаліны нарабіла шмат бедаў. Якія канкрэтна беды, нам ніхто не тлумачыць, там мы не верым гэтым казкам.
Што да Сямёна Ліпеньскага, то ён бы змог знайсці сваю нішу ў шоў-бізнэсе сучаснай Беларусі. Прынамсі, са “Славянскага базару” яму ўжо тэлефанавалі. Праўда, памылкова.