Пасаліць адно з азёр хочуць беларускія вяскоўцы

Пасаліць адно з азёр хочуць беларускія вяскоўцы

За мехдваром праз тры вярсты курорт небеснай пекнаты!

Жыхару вёскі Мажджаліна Яфрэму Барадзінскаму прыйшла ў галаву ідэя ператварыць паўднёвыя абшары, прылеглыя да роднага населенага пункту ў курорт сусветнага класу.

Ён ужо падлічыў, колькі трэба збудаваць гатэляў, басейнаў, рэстаранаў. Але галоўную стаўку на першым этапе прадпрымальны вясковец ставіць на стварэнне марскога клімату. Дзеля гэтага ён прапануе ўсыпаць некалькі дзясяткаў тон харчовай солі ў Чорнае возера. “Салёная вада, салёны вецер очынь сільна прыўлякуць турыстаў, якія хочуць аддыхаць, але не хочуць далёка ехаць”, – каментуе спадар Яфрэм.

Разам з тым, на яго думку, кліенты пацягнуцца ў Мажджаліну, калі на тутэйшых курортах запрацуе прынцып “all inclusive” (“усё ўключана”). “Уключым мы для іх і тэлевізар, і лямпачку дажэ флюарэсцэнтную”, – дадае адзін з паплечнікаў Барадзінскага дзядзька Мірон Азарушкін.

Ніхто не ведае, чым гэтая задума скончыцца. Пакуль жа была зроблена партыя чырвоных маек з надпісам “Mazdzalina” і выявай акрайца чорнага хлеба. Можа, нехта і клюне.