Паразмаўляй са мной пра баскетбол


Няхай люстэркі б’юцца навакол,
а дама пік ідзе ў піке і глухне –
паразмаўляй са мной пра баскетбол,
пра тайны нашай гаспадарскай кухні.
Паразмаўляй са мною пра людзей,
якіх ты любіш гэтым міжсезоннем.
Няхай зайздросціць Славік Чарадзей,
а Стах кароль збірае з шахмат коней,
каб дзікім паляваннем апячы
свядомае, што дрэмле ў несвядомым.
Няхай грымяць ад досвітку мячы!
Няхай ляцяць у кошыкі без стомы!
А ты хоць раз на гэта паглядзі
не з эпіцэнтру стартавых пляцовак.
Няхай інфанты скінуць бігудзі
і возьмуць аднарогаў на аловак,
каб ружамі між хронік расквітнець
дзеля баярства дыскурсу й гламуру…
Паразмаўляй пра золата і медзь,
пра грань паміж вясёлым і панурым.
Паразмаўляй са мной пра карнавал,
пра шэрых кардыналаў ў пыльных шлемах,
пра тэмы, што з табою не кранаў,
да часу “Х” выседжваючы нема.
Няхай пульсуе ў лямпачках вальфрам,
падміргваючы боскаму спецназу.
Паразмаўляй насуперак снягам,
што прыхаваюць попел і алмазы.

Сяргей Балахонаў, Гомель, лістапад 2010 г.

Фота: ja-nni.deviantart.com